Вуліцы Карла Маркса з Фарным касцёлам магло не існаваць, але побач маглі ўзвесці дом саветаў. Гістарычны канал Hrodna 11:27 выпусціў відэа, прысвечанае тром нерэалізаваным архітэктурным праектам у горадзе.

Дом саветаў на цэнтральнай плошчы

З 1946 па 1949 год архітэктары працавалі над першым пасляваенным планам рэканструкцыі і развіцця горада. Згодна з ім, дом саветаў хацелі размясціць на месцы сквера паміж Фарай Вітаўта і Фарным касцёлам.

У лютым 1951 чыноўнікі зацвердзілі новы генплан, але ідэю з домам саветаў так і не рэалізавалі.

Знішчыць гістарычную забудову дзеля праспекта

Генплан 1963 прадугледжваў амаль поўнае знішчэнне гістарычнай забудовы Гродна. Праект датычыўся вуліц Савецкай і Карла Маркса — улады хацелі пашырыць уліцы ў два разы і зрабіць з іх праспекты.

Каб дасягнуць такіх масштабаў, вырашылі знесці ўсю гістарычную забудову. Частку праекта паспелі выканаць. Перад будаўніцтвам універмага знеслі дом ХІХ стагоддзя, у якім размяшчэўся кінатэатр. На іншым баку вуліцы таксама знеслі частку дамоў дзеля будаўніцтва крамы «Дзіцячы свет» і кінатэатра «Гродна».

Разбурыць Фарны касцёл

У 1964 годзе ў Гродне планавалі будаваць новы шырокі праспект — таму архітэктары хацелі знесці ўсю вуліцу Карла Маркса разам з Фарным касцёлам. Праспект павінен быў цягнуцца да сённяшняга «Гродна Азот».

Частку планаў уладам удалося рэалізаваць — знеслі вежу-званіцу, якая стаяла непадалёк ад касцёла. У 90-х з’яўляліся ідэі аднаўлення вежы, якія так і не ўвасобілі ў жыццё.

Чытайце таксама: Як хітры інжынер выцягнуў грошы з дна Нёмана і з дзяржаўнага бюджэту