На Левабярэжнай у Гродне плануюць зрабіць спартыўны парк са скейт-пляцоўкай. Пра гэта расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Андрэй Хмель падзяліўся планамі добраўпарадкавання горада ў наступным годзе. У тым ліку расказаў і пра тое, што, магчыма, з’явіцца на Левабярэжнай вуліцы ў Гродне, перадае БЕЛТА.
«Пакуль у планах зрабіць там спартыўны сквер. Хутчэй за ўсё, з’явіцца пляцоўка для заняткаў скейтбардыстаў - яны ў горадзе ўсюды, а свайго месца для іх няма. З’явяцца спартыўныя пляцоўкі, воркаўт-пляцоўка, дзіцячая», — раскрыў планы старшыня Гродзенскага гарвыканкама.
Гродзенцы гавораць пра недахоп спартыўных пляцовак
Дарэчы, у горадзе назіраецца дэфіцыт спартыўных пляцовак для дарослых, адзначалі некаторыя гродзенцы. Так, тэму ўздымаў гродзенец Валерый у Threads. Ён звяртаў увагу, што ў Гродне дэмантавалі некаторыя турнікі вышэй за 4 метры, а спортпляцоўкі «зраўнялі з зямлёй».
«Са спартзалаў толькі трэнажорныя і больш ніякіх. Гімнастычныя, што ёсць — туды нельга, школьныя пляцоўкі насамрэч такія сабе. Нядзіўна, што людзі бухаюць. Тут проста нічога няма — і гэта сумна», — лічыць гродзенец.
Казаў ён і пра тое, што ў горадзе амаль няма пляцовак для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. Скейт-парк у Каложскім парку нядрэнны, але маленькі — з рампамі па пояс.
«Гадоў 10 таму пад мостам каля Савецкай быў аграмадны скейт-парк з высокімі рампамі. Яго знеслі, таму што добрае месца для паркоўкі», — наракаў гродзенец.
Дзе раней тусілі гродзенскія скейтэры
Першая ў горадзе пляцоўка для скейтэраў і аматараў ровараў BMX з’явілася ў верасні 2014 года пад Старым мостам. Праіснавала яна крыху больш за год і закрылася. У 2016 годзе скейтэраў запрасілі на пляцоўку каля OldCity, але надоўга яны там не затрымаліся. Казалі, што далёка ад цэнтра і нязручныя горкі. Пасля аматары скейтбордаў і ровараў пачалі збірацца ў цэнтры горада.
Таксама скейтэры каталіся побач з драмтэатрам. У 2016 годзе, каб адвадзіць іх ад пляцоўкі, гранітныя парапеты абмазвалі салідолам.
У 2024 годзе невялікі скейт-парк размясцілі на пляцоўцы побач з Палацам творчасці дзяцей і моладзі ў Каложскім парку. Яшчэ ў 2020 годзе чыноўнікі планавалі арганізаваць такую пляцоўку каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, а побач з ёй тэрыторыю для воркаўта. У 2022 годзе ў Гродзенскім гарвыканкаме разглядалі ідэю стварэння скейт-парка на тэрыторыі школы № 8 на вуліцы Васілька.



