Беларускія спецслужбы сцвярджаюць, што ўстанавілі аператара дрона, які ўпаў у Гродне 30 лістапада. Яны паведамілі ўладам Літвы, але тыя беларускаму ведамству не адказалі. Цяпер сілавікі працягваюць шукаць аператара беспілотніка.
Пра тое, што ўстанавілі аператара дрона, у інтэрв'ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч, паведамляе БЕЛТА. Паводле яго слоў, такім чынам спрабавалі распаліць міждзяржаўны канфлікт.
«<…> Беспілотнік узляцеў з тэрыторыі Літвы. Як гэта можна назваць, як не правакацыяй? Замест таго, каб урэгуляваць канфлікт, гэта пасыл да распальвання канфлікту. Можна, вядома, з гэтага таксама было раздзьмуць палітычны скандал, але мы не хочам сварыцца з суседзямі», — сказаў ён.
Беларускія сілавікі просяць дапамогі ў Літве
Па словах Вольфавіча, аператара беспілотніка «выкрылі па камерах». Цяпер яго шукаюць. Па дыпламатычных каналах паведамілі кіраўніцтву Літвы, але тыя не адказалі. Вольфавіч сцвярджае, што трэба шукаць арганізатараў кантрабанды ў Літве і іх памочнікаў у Беларусі. Але наракае, што «без канструктыўнага ўзаемадзеяння спецслужбаў гэтае пытанне вырашыць нельга».
Таксама ён упэўнены, што ўладам Літвы «гэта выгадна, гэта ім трэба». «Таму і раздзьмухваецца гэтая сітуацыя, паказваючы, якія яны бедныя, якія яны няшчасныя, што яны абараняюць межы Еўрасаюза. Вось дзе крыецца глыбокая прычына ўсяго», — сказаў Вольфавіч.
У Літве сумняваюцца ў беларускай версіі
Раней беларускія ўлады заявілі, што беспілотнік, які ўпаў у Гродне, вырабіла літоўская кампанія Granta Autonomy. Аднак дырэктар кампаніі Гедымінас Гуоба сцвярджаў, што дрон перарабілі, і не выключыў правакацыю з боку Беларусі. Справа ў тым, што падобныя апараты перадавалі Украіне — частка магла быць перахоплена Расіяй. Заяўлены Мінскам маршрут палёту выглядае нерэалістычным і перавышае рэальную далёкасць такіх прылад амаль удвая.
У МЗС Літвы таксама засумняваліся ў беларускай версіі. Прэс-сакратар ведамства Крысціна Белікава назвала дзеянні беларускіх улад спробай схаваць уласныя аперацыі, адзначыўшы, што пра выклік літоўскага дыпламата міністэрства даведалася толькі з адкрытых крыніц.
Літва ўвяла надзвычайнае становішча з-за метэазондаў
9 снежня Літва ўвяла надзвычайнае становішча з-за метэазондаў з кантрабандай. Запускі паветраных шароў сталі часткай гібрыдных атак з боку Беларусі. Яны ствараюць пагрозу цывільнай авіяцыі і парушаюць працу Віленскага аэрапорта. З-за гэтага перыядычна зрываюцца пасажырскія і грузавыя перавозкі, што прыводзіць да значных фінансавых страт і наносіць рэпутацыйную шкоду Літве.
Нагадаем, 30 лістапада 2025 года, паводле сцвярджэнняў беларускіх уладаў, у Гродне ўпаў беспілотнік, які нібыта прыляцеў з Літвы. Па іх версіі, апарат быў абсталяваны фота- і відэаапаратурай для збору разведданых. БЧБ-паперкі МУС назваў «скідваннем экстрэмісцкай друкаванай прадукцыі». Беларускія ўлады сцвярджаюць, што дрон прыляцеў з літоўскай вёскі Капчамясціс 30 лістапада. Мясцовая адміністрацыя заявіла выданню «Еўрарадыё», што ў гэты дзень нічога незвычайнага не заўважалі і лічаць усю сітуацыю «правакацыяй і хлуснёй».



