У 2026 годзе ў Гродне правядуць піўны фестываль «Гродзенская пінта». Ён пройдзе ў канцы лета. Мясцовыя ўлады яго пазіцыянуюць як першы фестываль піва, аднак у Гродне ўжо праводзілі «BEERacнёўскі ФЭСТ».

«У нас запланаваны піўны фестываль. Яго ніколі не было, мы плануем правесці яго за тыдзень да Дня горада ў канцы жніўня», — расказаў у інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі «Гродна» начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс Чарняк.

Насамрэч падобная падзея прайшла ў Гродне ў 2014 годзе — у рамках рэспубліканскай універсальнай выставы-кірмашу «Еўрарэгіён „Нёман-2014“». Тады ў праграме ўдзельнічалі чатыры найбуйнейшыя піваварныя кампаніі краіны: «Аліварыя», «Лідскае піва», «Крыніца» і «Heineken». За час працы фестывалю гараджане і госці горада выпілі каля 2 тысяч літраў пеннага напою.

У гарадскіх улад тады была ідэя зрабіць піўны фестываль штогадовым і перанесці яго на новую пляцоўку з парку Жылібера. Аднак ініцыятыва развіцця не атрымала.

Што яшчэ пройдзе ў Гродне ў 2026 годзе?

Акрамя піўнога фестывалю, на пачатку чэрвеня наступнага года ў Гродне пройдзе 15-ы Фестываль нацыянальных культур. Акрамя таго, намечана правядзенне другога Кубка горада па дрыфце.

Чытайце таксама: Манахі, скураныя штаны і дзе ў Гродне быў «тэлевізар»: што распавялі пра піва на экскурсіі ад абласной бібліятэкі