У сераду 10 снежня ў мястэчку Поразава Свіслацкага раёна адкрыюць Дом банкухі. Гэта ўнікальны пірог, які захаваўся ў Беларусі толькі ў адным рэгіёне. Тут, як плануецца, можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе па прыгатаванні дэсерту, даведацца сакрэты мясцовай кухні і правесці дэгустацыю, паведамляе Telegram-канал «Культура Гродзеншчыны».
Банкуху, або пірог-дрэва, у 2019 годзе ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У краіне ўсяго дзве майстрыхі выпякаюць яго паводле старога рэцэпта — поразаўчанкі Алена Казюк і Ганна Шалкевіч, пісала «Гродзенская праўда». У Польшчы падобны пірог носіць назву сэн́кач, у Літве — шакоціс. Падобныя тарты пачалі выпякаць у Гродне.
У класічным варыянце гатаваць страву трэба амаль цэлы дзень на адкрытым агні печы. На прыгатаванне аднаго пірага сыходзіць каля 50−60 яек, па кілаграме сметанковага масла, смятаны, мукі і цукровай пудры, крыху ваніліну. А яшчэ некалькі мяшкоў дроў. Да 1990-х банкуху традыцыйна пяклі па святах: на вяселле, хрэсьбіны.
Пірог доўга захоўвае свежасць. У сценах Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу можна нават убачыць банкуху чатырохгадовай даўніны.



