Пасажырскія і грузавыя судны рыхтуюцца да зімовай стаянкі – канчаткова ўвесь флот спыніць рух з 15 снежня. Тым часам спецыялісты паглыбляюць дно Нёмана, паведамляе ТРК «Гродна». 

Рух на Аўгустоўскім канале, а таксама на большасці вадаёмаў спыніўся. На зімовых стаянках будуць рамантаваць судны і складаць графікі на будучы год – рух адновіцца ранняй вясной, з надыходам першага цяпла.

Цяпер кампанія «Белводшлях» ачышчае дно і паглыбляе рэчышча Нёмана. Адмысловы плывучы кран у раёне Новага маста дастае са дна пясок і камяні – іх вывозяць на баржы.

Што адбываецца з ракой Нёман?

Паводле інфармацыі ТРК “Гродна”, у гэтым навігацыйным сезоне “ўзровень вады ў Нёмане быў стабільным”. Паказчыкі трымаліся на “сярэдніх шматгадовых адзнаках і не перашкаджалі суднаходству” – каля 115 см, сведчаць паказчыкі Гродзенскага гідрапаста.

Згодна з графікам гідрапаста, з верасня 2025 года назіраецца рост узроўню вады ў рацэ – з 47 см восенню да 108 см у снежні.

У цэлым жа з-за кліматычных змен узровень вады ў Нёмане штогод зніжаецца, улетку дасягаючы крытычнай адзнакі для суднаходства. У сакавіку 2022 года з-за адсутнасці дажджоў узровень вады на Нёмане ўпаў амаль удвая. У жніўні таго ж года ўзровень вады ў Нёмане пад Гроднам складаў 61 см. У 2022 цеплаход «Вольга Соламава» давялося перагнаць на Аўгустоўскі канал.

З сярэдзіны траўня 2023 года ўзровень вады ў Нёмане каля Гродна зноў быў на небяспечна нізкай адзнацы. У чэрвені ён дайшоў да 55 см. Асцерагаліся нават праблем з водазабеспячэннем у прылеглых да ракі населеных пунктах, запаволенні прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Спад вады таксама фіксавалі  ў 2024 годзе.

Чытайце таксама: Па Нёмане з «Вольгай Соламавай». Як вінтажны цеплаход катаў гродзенцаў на дачы, у Друскенікі і проста па рацэ