Мы часта чуем пра азеляненні гарадоў, а яшчэ часцей чуем крытыку ў бок гарадской адміністрацыі за чарговыя спілаваныя дрэвы, якія быццам бы нікому не шкодзілі. Але аб тым, навошта нам патрэбнае гэтае азеляненне, што яно ўключае, і як яго правільна рабіць — мы ведаем няшмат. Пра расліннасць у горадзе мы паразмаўлялі з Палінай Бурко — аператаркай у праекце «Зялёны тэлефон», які дапамагае з экалагічнымі праблемамі.

Размову цалкам можна праслухаць у падкасце «Утульны горад» або тэзісна і ў вялікім скароце прачытаць ніжэй.

Навошта ўвогуле ў горадзе дрэвы?

Дрэвы ў горадзе маюць як эстэтычную, так і ўтылітарную функцыю. Людзям прыемна гуляць сярод дрэў, глядзець на першыя зялёныя лісточкі ўвесну і на жоўтае ападаючае лісце восенню. Пад раскінутай кронай дрэў мы хаваемся ў летнюю спёку.

Аднак дрэвы дапамагаюць не толькі людзям. Там знаходзяць жытло і харчаванне насякомыя, птушкі і звяры.

Дрэвы ж ачышчаюць паветра. Асабліва гэта важна, калі яны растуць ля фабрыкі або буйной шашы. Калі высадзіць дрэвы і кустарнікі ўздоўж дарогі, яны стануць яшчэ і прыродным бар’ерам ад ветра.

Азеляненне — гэта не толькі пра высадку дрэў

Кустарнікі, кветкі і іншыя расліны — таксама частка азелянення, якія робяць горад больш экалагічным і прыемным для зроку. Зноў жа, у траве і кустах жывуць і харчуюцца жывёлы.

Ёсць меркаванне, быццам бы азеляненне каштуе гарадскому бюджэту велізарных грошай. Насамрэч, для пасадкаў раслін ёсць некаторыя бюджэтныя варыянты. Напрыклад, няма ніякай неабходнасці кожную весну высаджваць аднагадовыя садовыя кветкі. Можна замяніць іх палявымі кветкамі, якія будуць выглядаць не менш эстэтычна.

Чытайце падрабязней: Как будут озеленять Гродно до 2030 года

Што датычыцца дрэў і кустарнікаў, перад высадкай варта звярнуць увагу, якія дрэвы ўжо растуць на гэтай канкрэтнай тэрыторыі. Ад часу да часу расліны могуць «канфліктаваць» паміж за сабой за сонечны свет, напрыклад. Да таго ж, па тых дрэвах, якія ўжо растуць на гэтым месцы, можна зразумець, ці прыжывецца тое, якое вы толькі збіраецеся высадзіць.

Азеляненне пачынаецца са свайго двара

Мы ўласнымі рукамі можам зрабіць так, каб нашыя двары сталі больш утульнымі праз файныя дрэўцы і кветкі.

Каб высадзіць дрэвы або разбіць клумбы, неабходна ўзгадніць гэта з гарадской адміністрацыяй. Вы можаце звярнуцца ў «Зялёны тэлефон» у сацыяльных сетках, або пашукаць адмысловыя артыкулы на сайце «Зялёны партал». Там вы знойдзеце падрабязныя інструкцыі, у якую інстанцыю і якім чынам трэба пісаць зварот.

Аднак памятайце, што ўзгадніць пасадку дрэў варта не толькі з адміністрацыяй, але і з суседзямі. Наўрад ці вашыя суседзі-алергікі, пад вокнамі якіх вы пасадзіце пару бярозак, будуць вам дужа ўдзячныя.

Як амаль у любой іншай сферы нашага гарадскога жыцця, частка азелянення — гэта яшчэ і камунікацыя аднаго з адным.