Беспілотнік, які 30 лістапада ўпаў у Гродне, вырабіла літоўская кампанія Granta Autonomy, сцвярджаюць беларускія ўлады. Аднак, па словах яе дырэктара Гедымінаса Гуобы, дрон быў перароблены, паведамляе Delfi.lt. Таксама выклікае пытанні маршрут лятальнага апарата.

Дэталі на фота сапраўды нагадваюць дрон «Hornet XR», які вырабляе літоўская кампанія «Granta Autonomy».

Гедымінас Гуоба пацвердзіў, што на здымках — іх мадэль, але, паводле яго слоў, яна была мадыфікавана. Гэта «франкенштэйн» з прыклеенымі дэталямі і маркіроўкай, якіх на арыгіналах няма. Сумненні выклікаюць кадры, паказаныя беларускім тэлебачаннем: у адным эпізодзе бачныя сляды ад аскепкаў, у іншым дрон выглядае цэлым.

Як менавіта дрон апынуўся ў беларусаў, ён не ведае. Аднак падкрэслівае: кампанія выконвае законы Літвы і міжнародныя нормы, таму запуск з яе ведама выключаны.

Не выключаюць правакацыю

З 2023 года сотні такіх беспілотнікаў былі перададзены Украіне, і, як кажа Гуоба, частка магла быць перахоплена Расіяй, таму версію правакацыі выключаць нельга.

Акрамя таго, заяўлены маршрут палёту беспілотніка з Літвы праз Гродна і да Польшчы выглядае нерэалістычна: гэта тысяча кіламетраў — удвая больш за рэальную далёкасць яго аналага.

Літва: няўдалая спроба схаваць уласныя дзеянні

Прэс-сакратар міністра замежных спраў Крысціна Белікава заявіла, што міністэрства даведалася аб выкліканым літоўскім дыпламаце толькі з паведамленняў, якія з’явіліся ў адкрытым доступе.

«Мы расцэньваем гэтыя адчайныя дзеянні беларускага рэжыму як чарговую няўдалую спробу схаваць уласныя зламысныя дзеянні і заклікаем як мага хутчэй прыняць усе пералічаныя меры для ўрэгулявання сітуацыі», — заявіла яна, піша LRT.


Нагадаем, 30 лістапада 2025 года, па сцвярджэннях беларускіх уладаў, у Гродне ўпаў беспілотнік, нібыта які прыляцеў з Літвы. Па іх версіі, апарат быў абсталяваны фота- і відэаапаратурай для збору разведдадзеных. Скінутыя бчб-паперкі МУС назваў «скідваннем экстрэмісцкай друкаванай прадукцыі».

Беларускія ўлады сцвярджаюць, што дрон прыляцеў з літоўскай вёскі Капчамясціс 30 лістапада. Мясцовая адміністрацыя заявіла выданню «Еўрарадыё», што ў гэты дзень нічога незвычайнага не заўважала і лічыць усю сітуацыю «правакацыяй і хлуснёй».

Пра інцыдэнт з дронам паведамілі Аляксандру Лукашэнку, які зараз знаходзіцца ў Амане.