Гродзенскі блогер TOP_XA4 просіць за 30-секундны рэкламны рылс 200 рублёў. Відэамэйкер, на якога ў Instagram падпісаны больш за 50 тысяч чалавек, паказаў сваю тэхніку і патлумачыў, у колькі абыходзіцца стварэнне відэакантэнту.

Для тых, хто лічыць, што гэта дорага, блогер прадэманстраваў абсталяванне, якое ён выкарыстоўвае ў працы. Напрыклад, фотаапарат са стабілізатарам у яго каштуе $2450, аб’ектыў — $500, дадатковыя батарэі — яшчэ $500, відэакамера — $8000, стабілізуючая тэхніка — $1000. Макбук для мантажу абышоўся ў $2250, шкло для аб’ектыва — у $100, а акумулятары для відэакамеры — у $300. Агулам, па яго словах, на тэхніку ён выдаткаваў каля $15 100.

У каментарах пад публікацыяй падпісчыкі ў асноўным падтрымалі блогера.

«Гэта вы яшчэ дарогу не ўлічылі», — заўважыў адзін з карыстальнікаў.

Гродзенец адказаў: «Калі б я ўлічваў усё, то даўно б вылез з гэтай галечы», — напісаў ён, ці то жартам, ці то ўсур’ёз.

Іншы каментатар здзівіўся: «У цябе ў руках чыясьці кватэра!»

Блогер адрэагаваў з гумарам: «Ну кватэра — не, але тачка так».

Многія адзначылі, што самае дарагое ў здымцы — нават не тэхніка, а час спецыяліста.

«Самае дарагое нават не тэхніка — а ваш час (адздымаць і мантаж)», — напісаў адзін з падпісчыкаў.

Іншыя нагадвалі, што ведаў і навыкаў, атрыманых за гады навучання, таксама ніхто не адмяняў. Знайшліся і тыя, хто прапанаваў тым, каго палохаюць такія расцэнкі, здымаць самім:

«Дык хай здымаюць на свае тэлефоны — так дакладна танней», — напісала адна з падпісчыц.