Беларускія ўлады заявілі, што ў Гродне 30 лістапада ўпаў беспілотнік, які запусцілі з тэрыторыі Літвы. У МЗС Беларусі 1 снежня выклікалі часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вільканецаса. Дыпламату выказалі пратэст з прычыны парушэння мяжы Беларусі, піша БЕЛТА.
Беспілотнік “незаконна ўварваўся ў паветраную прастору” Беларусі з “Лазійскага раёна Літвы і ўпаў у межах горада Гродна”, паведамляе МЗС. Аналіз абломкаў паказаў, што беспілотнік мусіў праляцець над Беларуссю, паляцець у Польшчу і вярнуцца ў Літву.
Дрон паказалі па тэлебачанні. Паведамляюць, што размах яго крыла – 1,5 метра, а даўжыня – 91 см. У дроне знаходзіліся навігацыя, відэакамера і дзве карты памяці на 32 Гб. “Непрыкметны карлікавы разведчык, начынены па апошнім слове тэхнікі”, – так яго апісалі.


Экстрэмісцкія “паперкі”
У беспілотніку была “экстрэмісцкая прадукцыя”, паведаміў Telegram-канал “МУС Беларусі”. Відаць, пад ёй разумелі бел-чырвона-белыя паперкі, якія бачна на фота. У публікацыі яны заблюраны.
Рэакцыя Беларусі на дрон
У МЗС сітуацыю расцанілі як “наўмысную правакацыю” не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і Польшчы. Ведамства лічыць, што гэта пагражае бяспецы і парушае нормы міжнароднага права, “уключаючы Чыкагскую канвенцыю аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі”.
Беларускі бок патрабуе “неадкладна прадаставіць дэталёвую і вычарпальную інфармацыю аб абставінах інцыдэнту” і агучыць “мэты запуску”. А яшчэ – абяцае “прыняць усе неабходныя меры для абароны свайго суверэнітэту і бяспекі”.
Раней Літва называла гібрыднай атакай аэрастаты з цыгарэтамі, якія запускаюць кантрабандысты з Беларусі. Літва закрыла мяжу з 26 кастрычніка да 30 лістапада, але адкрыла яе датэрмінова 20 лістапада. Да гэтага часу – аж да 30 лістапада – аэрапорт у Вільнюсе перыядычна спыняе працу з-за зондаў.
Чытайце таксама: У беларускім СІЗА памёр літовец, затрыманы гродзенскай мытняй. Літва адправіла ноту ў МЗС


