Алтар «Божай Маці Нястомнай Дапамогі» адкрыўся 29 лістапада пасля рэстаўрацыі ў Фарным касцёле Гродна. Яго цалкам аднавілі, захаваўшы гістарычнае аблічча. Замянілі зношаныя драўляныя канструкцыі, адрэстаўравалі разьбяныя элементы, паведамляе «Гродно Плюс».

Асаблівую ўвагу рэстаўратары надалі гістарычнай іконе пачатку XX стагоддзя. Яе ўпершыню знялі з алтара для аднаўлення. Майстры ўмацавалі грунт, пашкоджаны вільгаццю, і пакрылі вобраз сусальным золатам 999 пробы.

Сістэматычная рэстаўрацыя працягваецца 20 гадоў, за гэты час аднавілі палову памяшканняў і восем з трынаццаці алтароў.

«Больш за ўсё працы чакае нас ля алтара Святога Казіміра. Ёсць яшчэ люстраны алтар Святога Станіслава Косткі. Ён лепш захаваўся. А ля алтара Святога Казіміра нас чакае каласальная праца. Ён моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай», — адзначае пробашч касцёла Святога Францішка Ксаверыя Ян Кучынскі.

Чытайце таксама: Гродзенец стварыў дакладную копію Фарнага касцёла ў мініяцюры — і друкуе фігуркі на 3D-прынтары