Гродзенка паскардзілася на рэзкі рост коштаў на кватэры ў мікрараёне «Залаты» (былы «Вясенні»). Па словах беларускі ў Threads, за восем месяцаў квадрат у новабудоўлі падаражэў на 800 руб.
Кошт расце, устаць на чаргу анлайн не атрымліваецца
Гродзенка напісала, што восем месяцаў таму квадратны метр каштаваў 2700 руб., зараз – 3500 руб. «Двушка 55, 8 кв. каштуе амаль на $ 20 тыс. даражэй у параўнанні з мінулым домам (ён і прадаваўся ў лютым)! Здавалася б – хто будзе купляць? – напісала дзяўчына.
Беларуска дадала, што электронная рэгістрацыя на чаргу “працягнулася 30 секунд”. Запісацца ў чаргу гродзенка не паспела – сайт выдаў “памылку і актыўных рэгістрацый няма”.
Гродзенцы: «Сам шакаваны – хто гэта купляе?»
Пост гродзенкі набраў больш за 100 каментароў. У іх карыстальнікі пішуць, што за такія грошы лепш купіць прыватны загарадны дом. Іншыя лічаць, што цэны на квадрат у Гродне нашмат больш выгадныя за мінскія.
«Сам учора ўбачыў і быў шакаваны. Адначасова знерваваўся. Пустая трошка 80 штук долараў. Хто іх купляе? – піша yuri_airsoft.
«Раз’юшвае, што акрамя жыў буду нічога няма. Літаральна пару кропкавых дамоў ад “Палесся”. Пра электронную чаргу не чула… Чула пра жывую начамі і чаты. Раз’юшвае!» – скардзіцца struvictory.art.
«Цалкам згодзен! І якасць кватэр гаў*о поўнае, нядаўна купіў. Ні адной сцяны роўнай, вокны падрапаны амаль усе, усаджванне даў і па толькі пафарбаваным сценам пайшла паласа. Вярнуць назад, лепш «Палессе» ці «Айран» купіў, хоць бы і пераплаціў, але тут і так сума няхілая», – распавядае sychik88.
Па тэме: Як выглядаюць таунхаусы ў Пагаранах ад забудоўшчыка «АйранIнвестПраект»
«Таксама ахранеў ад коштаў на Вясенняй. Некалькі гадоў таму ў “Маналіце” купляў за 1750р/м.кв. і гэта было вельмі дорага. А зараз 3500 і ў панэльцы. Па цяперашніх коштах будаўніцтва сваёй хаты больш павабны варыянт атрымліваецца», – лічыць kalasouski_.
Двушку ў “Залатым” можна было купіць за 155 тыс. руб.
Будаваць мікрараён «Залаты» пачалі ўлетку 2024. У планах – узвесці 1900 кватэр на плошчы 35 га. Адной з канцэпцый раёна стаў “двор без машын” – паркоўкі вынеслі за перыметр двароў, а на прыдамавой тэрыторыі абсталююць дзіцячыя і гульнявыя пляцоўкі.
У верасні 2024 кошты на кватэры ў мікрараёне стартавалі ад 2,5 тыс. руб. за квадрат. Двухпакаёвая кватэра плошчай 62 кв. каштавала 155 тыс. руб., трохпакаёвая плошчай у 70,32 і 84,55 кв.м – 178 тыс. і 211 тыс. руб. адпаведна.
Чытайце таксама: Як будзе выглядаць мікрараён “Залаты”


