Руіны гаспадарчага двара сядзібы Храптовічаў у Навагрудскім раёне паспрабуюць прадаць 22 снежня. Купіць іх можна за 84 рублі. Распрацаваць праект на рэканструкцыю трэба цягам двух гадоў.
У лот, акрамя сядзібы, уваходзяць ветлячэбніца, цялятнік, кароўнік, свіран і агароджа. Аўкцыён будзе праходзіць на Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Пераможца аўкцыёну зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для жылой, адміністрацыйнай, гандлёвай ці іншай забудовы на падставе навуковай дзейнасці. Работы трэба будзе ўзгадніць з Міністэрствам культуры — аб’ект прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Тэрмін арэнды — 50 гадоў.
Гісторыя і спадчына сядзібы Храптовічаў
Сядзіба ў Шчорсах — былое ўладанне канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча — была пабудавана ў XVIII стагоддзі ў стылі французскага класіцызму. Працавалі еўрапейскія майстры: італьянцы Сака і Карл Спампані, а таксама француз Габрыэль.
Храптовіч — вядомы наватар: адмяніў паншчыну і дзіцячую працу, адкрыў школу, выдаў сялянам роўныя надзелы і арганізаваў вытворчасць хлеба, сыру, лёну, развёў рыбу ў сажалках. Таксама дзейнічалі млын, маслабойня і лесапільня.
Сярод гасцей комплексу — апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, астраном Міхаіл Пачобут, гісторыкі Ігнат Даніловіч і Іаахім Лялевель, паэты Уладзіслаў Сыракомля і Адам Міцкевіч.



