Таргі па маёмасці ТАА «Рукша» 18 лістапада не адбыліся. Ні на адзін з 25 лотаў запчастак розных брэндаў з крамы «АўтаЗапчасткі» ніхто не зарэгістраваўся. Яны належалі бізнэсоўцу Віктару Рукшу, які паскардзіўся на сілавікоў падчас пратэстаў — і пацярпеў праз гэта.
Аўкцыён прызначылі зноў - на 8 снежня.
Продажам займаецца антыкрызісны кіраўнік ТАА «Тры грані» дырэктар Дзмітрый Монцік. Таргі пройдуць на пляцоўцы ЗАТ «Белбанкратаўкцыён». Маёмасць распрадаюць на падставе вызначэння эканамічнага суда Гродзенскай вобласці ад 8 мая 2024 года. Тады фірму прызналі банкрутам.
Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заявіў аб нявыплаце падаткаў у 525 тысяч рублёў ($ 203 693) і яшчэ 12 тысяч ($ 4655) — з заробкаў у канвертах. Віктар судзіўся спачатку з эканамічным судом Гродзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Пазней справа стала «крыміналкай» і перайшла ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Віктара ўзялі пад варту з лютага 2022 года.
Паводле арт. 243 ч. 2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт.424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» у траўні 2023 года яго асудзілі 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Летам 2024 года Віктар выйшаў на волю.


