З 22 лістапада шэраг перавозчыкаў аднаўляе аўтобусныя рэйсы ў Літву. Продажы білетаў ужо адкрыты. Некалькі кампаній абвясцілі аб вяртанні рэгулярных аўтобусных зносін праз літоўскую мяжу, паведамляецца ў Telegram-канале «Атлас».
Нядаўна стала вядома, што ўлады Літвы разглядаюць магчымасць адкрыць раней закрытыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю яшчэ да 30 лістапада.
На сайце па продажы білетаў «Атлас» ужо даступны білеты на маршруты Мінск — Вільнюс праз пункт пропуску «Беняконі». Плануецца, што аўтобусы будуць адпраўляцца з беларускай сталіцы ў 3:00 і 5:00, першы рэйс запланаваны на 22 лістапада. Кошт білета — 185 рублёў. Зваротныя рэйсы будуць стартаваць з Вільнюса ў 11:35 і 15:10.
Таксама адкрыты продаж білетаў на маршрут Мінск — Вільнюс — Каўнас праз пункт пропуску «Каменны Лог». Запуск маршруту намечаны на 23 лістапада, адпраўленне з Мінска — у 4:00.
Пра новыя рэйсы, расклад і кошт білетаў агрэгатар перавозчыкаў будзе паведамляць дадаткова.
Літва закрыла памежныя пункты «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» у канцы кастрычніка, рэагуючы на пагрозу для грамадзянскай авіяцыі праз кантрабандныя паветраныя шары. Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі.
Калі Польшча заявіла аб адкрыцці пунктаў пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» («Брузгі» і «Бераставіца» з беларускага боку), Літва запатрабавала каардынацыі дзеянняў з Польшчай, а таксама захавання бяспекі на сваім боку мяжы.



