Кабінет міністраў Літвы на пасяджэнні ў сераду 19 лістапада вырашыў адкрыць раней запланаванага тэрміну два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, закрытыя ў канцы кастрычніка, паведамляе lrt.lt.

«З улікам рашэнняў Камісіі нацыянальнай бяспекі ад 18 лістапада, якая прызнала, што абставіны змяніліся і ўведзеныя 29 кастрычніка 2025 года абмежаванні на перасячэнне мяжы больш не патрэбны, для забеспячэння ўнутранай бяспекі мэтазгодна адмяніць меры, устаноўленыя гэтай пастановай», — заявіў на пасяджэнні міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.

Памежныя пункты «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» будуць адчыненыя з чацверга — 20 лістапада, піша агенцтва BNS.

Чаму Літва зачыняла мяжу з Беларуссю

Нагадаем, Кабінет міністраў Літвы закрыў мяжу з Беларуссю 26 кастрычніка. Прычына — аэрастаты з цыгарэтамі, якія запускаюць кантрабандысты. Праз тры дні ўлады суседняй краіны абвясцілі, што абмежаванні працягнуцца як мінімум месяц — да 30 лістапада — але з выключэннямі для асобных катэгорый падарожнікаў. Цалкам спыніў працу пункт пропуску Шальчынінкай — Беняконі. У той жа час на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця двух пунктаў пропуску затрымаліся больш за 1200 літоўскіх фур. Бакі спрабавалі вырашыць «грузавы крызіс», але сітуацыя толькі абвастралася.

17 лістапада ў суседняй краіне не выключалі, што пункты пропуску могуць быць адкрытыя і раней.


Літва закрыла памежныя пункты «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» у канцы кастрычніка, рэагуючы на пагрозу для грамадзянскай авіяцыі праз кантрабандныя паветраныя шары. Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі.

Калі Польшча заявіла аб адкрыцці пунктаў пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» («Брузгі» і «Бераставіца» з беларускага боку), Літва запатрабавала каардынацыі дзеянняў з Польшчай, а таксама захавання бяспекі на сваім боку мяжы.