Дзяцей былога палітзняволенага Аляксандра Лаўрэнцьева 20 лістапада могуць прызнаць такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У школе збярэцца камісія, расказаў Аляксандр. Ён упэўнены, што прычына — «інакамыслячы бацька пражывае з сям’ёй і можа навучыць дзяцей любіць Радзіму, менавіта Радзіму, а не дзеда з ТБ».

Мужчына апублікаваў у Threads фатаграфіі авіябілетаў з Масквы ў Стамбул, а адтуль у Прагу. Аляксандр адзначыў, што вымушаны пакінуць і сям’ю, і Беларусь у сувязі з павышанай увагай з боку органаў апекі і «не толькі». Але абяцае, што хутка створыць умовы, каб уз’яднацца з роднымі.

Раней мужчына ўжо пісаў, што збіраецца пакінуць Беларусь. Гродзенец расказваў, што яго выклікалі на прафілактычную гутарку ў міліцыю. З ім размаўлялі з нагоды «дармаедства». Таксама далі, як выказаўся Аляксандр, «прымусовае запрашэнне на спецыяльныя курсы пра любоў да радзімы».

Нядаўна Аляксандр адбыў адміністрацыйны арышт. 15 сутак ён атрымаў паводле артыкула 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На свабоду ён выйшаў 1 лістапада.

Аляксандра Лаўрэнцьева затрымалі ў красавіку 2022 года. Гродзенца абвінавачвалі па двух артыкулах — паклёп у дачыненні да прэзідэнта (ч. 2 арт. 367 КК) і абраза прэзідэнта (арт. 368 КК). Пасля вынясення прысуду Лаўрэнцьева адправілі ў калонію агульнага рэжыму. Ён знаходзіўся ў зняволенні ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1. У чэрвені 2025 года гродзенец выйшаў на волю.