Літва магла б адкрыць два закрытыя пункты на мяжы з Беларуссю яшчэ да 30 лістапада, паведаміў 17 лістапада міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс, піша LTL.
«Я лічу, што мы павінны кіравацца тымі ж прычынамі і параметрамі, па якіх прымаліся рашэнні, — заявіў журналістам Будрыс на пытанне, ці могуць пагранічныя пункты быць адкрыты раней, чым цяпер вырашыў урад. — Думаю, што гэта варта разгледзець».
Кабінет міністраў закрыў мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.
«Мы глядзім, што адбываецца ў небе і на зямлі, функцыянуем мы ці не. Задача ніколі не была дасягнуць чагосьці да пэўнай даты або ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта — прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым змяніў свае паводзіны», — падкрэсліў Будрыс.
Літва закрыла памежныя пункты «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» у канцы кастрычніка, рэагуючы на пагрозу для грамадзянскай авіяцыі праз кантрабандныя паветраныя шары. Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі.
Калі Польшча заявіла аб адкрыцці пунктаў пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» («Брузгі» і «Бераставіца» з беларускага боку), Літва запатрабавала каардынацыі дзеянняў з Польшчай, а таксама захавання бяспекі на сваім боку мяжы.



