Літва магла б адкрыць два закрытыя пункты на мяжы з Беларуссю яшчэ да 30 лістапада, паведаміў 17 лістапада міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс, піша LTL.
“Я лічу, што мы павінны кіравацца тымі ж прычынамі і параметрамі, па якіх прымаліся рашэнні, — заявіў журналістам Будрыс на пытанне, ці могуць пагранічныя пункты быць адкрыты раней, чым цяпер вырашыў урад. – Думаю, што гэта варта разгледзець”.
Кабінет міністраў закрыў мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.
“Мы глядзім, што адбываецца ў небе і на зямлі, функцыянуем мы ці не. Задача ніколі не была дасягнуць чагосьці да пэўнай даты або ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта – прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым змяніў свае паводзіны”, – падкрэсліў Будрыс.
Літва закрыла памежныя пункты “Мядзінінкай” і “Шальчынінкай” у канцы кастрычніка, рэагуючы на пагрозу для грамадзянскай авіяцыі праз кантрабандныя паветраныя шары. Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі.
Калі Польшча заявіла аб адкрыцці пунктаў пропуску “Кузніца” і “Баброўнікі” («Брузгі» і “Бераставіца” з беларускага боку), Літва запатрабавала каардынацыі дзеянняў з Польшчай, а таксама захавання бяспекі на сваім боку мяжы.



