Уладальніца гродзенскага салона прыгажосці MakeUpLab Кацярына Казакевіч абвясціла ў Instagram аб закрыцці свайго бізнесу. Салон прапрацаваў у Гродне 10 гадоў. У 2023 годзе туды прыйшлі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў - тады ў дачыненні да яе распачалі справу аб нясплаце падаткаў.
Па словах прадпрымальніцы, рашэнне далося ёй няпроста. 12 лістапада яна паведаміла пра закрыццё салона сваёй камандзе.
— Гэта было рашэнне, якое наспявала ўва мне некалькі гадоў і было канчаткова прынята толькі сёння. У гэтым годзе, у дзесяцігадовы юбілей, гісторыя завяршаецца ў тым выглядзе, у якім яна існавала ўсе гэтыя гады, — сказала яна 14 лістапада.
Казакевіч падзякавала супрацоўнікам, вучням і кліентам салона за гады працы і адзначыла, што MakeUpLab быў «вельмі прыгожай гісторыяй», якая дала кожнаму ўдзельніку каштоўны вопыт.
— Прыйшоў час ісці далей. Прыйшоў час адкрыць новыя дзверы. Я разумею, што калі я не зачыню [гэтыя], то не змагу адчыніць новыя, — дадала ўладальніца салона.
Аб далейшых планах прадпрымальніца не паведаміла.
MakeUpLab адкрыўся ў Гродне ў 2015 годзе і за некалькі гадоў стаў адным з самых вядомых салонаў у горадзе. Студыя пазіцыянавала сябе як premium-салон і прапаноўвала паслугі перманентнага макіяжу, афарбоўвання валасоў, касметалогіі, манікюру і педыкюру, а таксама ламінавання павек.
Салон стабільна ўтрымліваў высокія ацэнкі на анлайн-платформах — 4,9 бала ў Google і на Яндекс.Картах — і рэгулярна трапляў у падборкі самых папулярных студый горада.

«Гэта не той досвед, які варта раздаваць пад семечкі»
У пачатку лістапада на YouTube-канале Таццяны Чарняўскай выйшла вялікае інтэрв'ю з Кацярынай Казакевіч. У ім яна распавяла пра крызіс у адносінах з мужам і пра тое, як у лютым 2023 года ў яе бізнэс прыйшлі «з праверкай з ДФР». Падрабязнасцяў яна не раскрывае, падкрэсліваючы, што «некаторы досвед занадта каштоўны, каб раздаваць яго пад семечкі».
Па словах прадпрымальніцы, уся гісторыя «завяршылася толькі некалькі месяцаў таму».
—Я думала, гэта гісторыя на месяц-два. Але расследаванне доўжылася вельмі доўга, — кажа яна.
У гэты перыяд Казакевіч надоўга з’язджала жыць у Дубай. Паводле яе слоў, рашэнне пакінуць Беларусь было «не з-за страху пазбаўлення волі».
—Гэта было рашэнне маёй сям'і. Яны проста сабралі мяне і вывезлі. Цяпер разумею, што гэта было правільна.
Пазней яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Тлумачыць гэта тым, што «не любіць незавершанасць і ёй няма чаго хаваць». Пры гэтым Казакевіч кажа, што рэакцыя яе знаёмых на вяртанне была рознай:
— Мне круцілі ля скроні. Людзі, якія жывуць за мяжой, пісалі мне: «Ты што? Там жа ў краіне безуладдзе, наогул незразумела, што будзе».
Але Казакевіч сцвярджае, што падчас усяго расследавання з ёй размаўлялі карэктна.
— Дзесьці, напэўна, нават у вачах чытала гіперпавагу да мяне як да асобы, як да жанчыны, якая праходзіць гэты шлях.
«Плаціла заробак „у канвертах“ работнікам»
Упершыню пра тое, што ў ДФР ёсць прэтэнзіі да аднаго з гродзенскіх салонаў прыгажосці, стала вядома ў пачатку 2024 года, калі Камітэт дзяржкантролю апублікаваў інфармацыю аб выніках праверкі. У паведамленні КДК гаварылася аб утойванні выручкі, выплаце заробкаў «у канвертах» і ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Па дадзеных Дэпартамента фінансавых расследаванняў, частка наяўнай выручкі не адбівалася ў афіцыйнай справаздачнасці, а выкарыстоўвалася для выплат супрацоўнікам і асабістых выдаткаў кіраўніка. Агульная сума няўлічаных даходаў, паводле ацэнкі ведамства, перавысіла 400 тысяч рублёў ($ 123 тыс.), а недаплачаныя абавязковыя адлічэнні — 50 тысяч рублёў. У дачыненні да кіраўніка салона распачалі крымінальную справу.
Па апублікаваных камітэтам фатаграфіях стала ясна, што гаворка ідзе пра салон MakeUpLab.
Скандал вакол няправільнай паркоўкі і штраф за падпіску на Hrodna.life. Чым яшчэ вядомая Казакевіч?
Кацярына Казакевіч — вядомая ў Гродне бізнес-лэдзі, маці дваіх дзяцей, уладальніца брэнда касметыкі для догляду і пігментаў EK. Жанчына пазіцыянуе сябе як б’юці-настаўніца, у Instagram у яе 44,7 тыс. падпісчыкаў. У 2021 годзе яна трапіла ў спіс 30 паспяховых жанчын Беларусі прэміі Forbes Woman Awards Belarus 30.
У 2020 годзе здымкі з неакуратнай паркоўкай яе Range Rover у розных месцах горада абурылі гродзенцаў. Тады яна запісала відэаадказ, у якім прызнала віну за няправільную паркоўку, у тым ліку і на месцы для інвалідаў, але асудзіла аўтара здымкаў і патлумачыла, што ёй не хапае парковачных месцаў каля салона.
Вясной 2024 года Казакевіч аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 руб.) за падпіску на старонку Hrodna.life ва «ВКонтакте», на той момант ужо прызнаную «экстрэмісцкай». У сваіх сацсетках блогерка патлумачыла, што падпісалася на паблік у 2017 годзе, і тады ён называўся інакш. Яна абурылася, што ў 2020 годзе, наадварот, абараняла жонак сілавікоў ад ціску грамадства, і параіла ўсім «праглядзець усе падпіскі, бо вы можаце стаць закладнікамі свайго няведання і выкрутаў экстрэмісцкіх рухаў» і «альбо выдаліць нафіг наогул усе падпіскі на групы, альбо адсочваць заканадаўчую сістэму на гэтую тэму».



