Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы плануе з 17 лістапада адкрыць два аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: “Баброўнікі” (з беларускага боку “Бераставіца”) і “Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку “Брузгі”). Праект пастановы 13 лістапада апублікавалі на сайце Урадавага цэнтра заканадаўства.

UPD. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі падпісаў пастанову аб адкрыцці межаў 14 лістапада. Межы з Беларуссю адкрыюць 17 лістапада.

“Баброўнікі” плануецца адкрыць для пасажырскага транспарту і аўтобусаў. Для грузавога транспарту будуць абмежаванні – змогуць перасякаць мяжу толькі грузавікі, зарэгістраваныя ў Еўрапейскім Саюзе, Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі. “Кузніцу” пакуль што адкрыюць толькі для легкавых аўтамабіляў. Аўтобусы прапускаць пакуль не будуць.

Аднаўленне руху людзей і тавараў праз мяжу адпавядае чаканням грамадства, напісана ў абгрунтаванні да пастановы. У прыватнасці міністэрства згадвае вялікую групу прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і людзей, якія выязджаюць на працу з Беларусі ў Польшчу.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паабяцаў адкрыць мяжу з Беларуссю падчас выступу на рэгіянальным форуме ў Беластоку 28 кастрычніка. З-за канфлікту на беларуска-літоўскай мяжы працэс зацягнуўся – неўзабаве стала вядома, што чакаць адкрыцця Кузніцы і Баброўнікаў трэба ў сярэдзіне лістапада.

Чытайце таксама: Што перашкаджае вярнуць цягнікі паміж Беларуссю і Польшчай?