Аўтобусны парк Гродна падвёў вынікі галасавання за найлепшы праект праязнога дакумента ў грамадскім транспарце. Пераможцам стаў удзельнік пад нумарам 37. А ўсяго на конкурс паступіла 41 работа.

Карта-пераможца мае тры варыянты: агульны, для вучняў і для пенсіянераў. Яна выканана ў цёмна-сініх тонах, на першым плане — выява аўтобуса і тралейбуса. Другі план адрозніваецца: на агульнай — стылізаваны беларускі ўзор, на вучнёўскай — арыфметычныя прыклады, на карце для пенсіянераў — выява, падобная на ўзор дзяржаўнага сцяга.

У Гродне вызначылі пераможцу конкурсу на найлепшы дызайн праязной карты
Карта для пенсіянераў. Фота: ap1.by

Нагадаем, аўтобусны парк абвясціў конкурс на найлепшы дызайн гарадской праязной карты. Пасля таго, як гродзенцы даслалі свае варыянты, прайшло анлайн-галасаванне, у якім усе ахвотныя маглі выбраць найбольш удалы дызайн.

Сярод прадстаўленых работ сустракаліся і незвычайныя рашэнні. Некаторыя ўдзельнікі дасылалі толькі адзін варыянт або забывалі выкарыстоўваць афіцыйны лагатып прадпрыемства, як гэта было заяўлена ва ўмовах конкурсу. Былі і кур’ёзныя выпадкі: адзін з макетаў утрымліваў выяву замка ў Выбаргу, які не мае дачынення да Гродна. На некаторых работах былі арфаграфічныя памылкі.

У Гродне вызначылі пераможцу конкурсу на найлепшы дызайн праязной карты
Карта для школьнікаў. Фота: ap1.by

Што далей

На сайце транспартнага прадпрыемства не паведамляюць, ці аддрукуюць выйграўшы дызайн на карце. Напісана, што «вашы работы маюць вялікае значэнне для стварэння адзінага праязнога дакумента, у які, магчыма, будуць унесены змены з улікам патрабаванняў заканадаўства і арфаграфіі». Іншыя конкурсныя работы таксама могуць выкарыстоўваць пры распрацоўцы новай партыі праязных карт.