Беларус накіраваў у Ваўкавыскі райвыканкам электронны зварот па пытанню захавання руін царквы ў вёсцы Калантаі. На гэты момант зруб, верагодна, з’яўляецца найстарэйшай дакументальна пацверджанай драўлянай пабудовай у Беларусі. Адказ змясцілі ў Telegram-канале «Спадчына».

Супрацоўнікі аддзела культуры райвыканкама выехалі і сфатаграфавалі царкву. Яны правялі перамовы з Наталляй Пачобут, загадчыцай аддзела захавання І выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая праводзіла абследаванне аб’екта.

Высветлілі, што згодна з папярэднім аглядам рэшткі царквы знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Аб’ект патрабуе дадатковага прафесійнага абследавання і заключэння аб магчымасці захавання і кансервацыі.

Каб захаваць аб’ект, разглядаюць варыянт перанесці рэшткі царквы ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам.

«Галоўнае, каб не перашкодзіў сумнавядомы „генплан музея“, праз які ён адмаўляецца прымаць хоць якія новыя аб’екты, фактычна падпісваючы ім смяротны прысуд, як было з сядзібай у Двор-Гомель пад Полацкам», — пракаментавалі ў канале.