Прыватныя дамы ў раёне вуліц Таўлая і Бабіна гара ў Гродне пойдуць пад знос. На іх месцы плануюць пабудаваць некалькі шматпавярховак. Участак плошчай больш за 4,5 га ўжо выставілі на аўкцыён — інфармацыя з’явілася на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.
Зносу падлягаюць дамы на вуліцы Таўлая 40, 38, 38А, 38Б, 36Б і 36А. На Бабінай гары знясуць прыватныя пабудовы пад нумарамі 17, 15, 7, 11, 9, 5, 4, 3, 3А, 2, 1. Усяго пад знос трапляе 17 прыватных дамоў. Сам участак знаходзіцца ў мікрараёне Дзевятоўка-2.



Пераможца аўкцыёну атрымае права арэнды ўчастка на 25 гадоў. Там будуць будаваць шматкватэрныя дамы вышынёй да 40 метраў. Як правіла, гэта вышыня 10−13-павярховак.
Дату аўкцыёну пакуль не вызначылі. Стартавая сума лота — 638,5 тыс. руб.
Мясцовыя чакаюць зносу больш за 10 гадоў
Будаваць шматпавярхоўкі плануюць побач з вёскай Падкрыжакі. Яе жыхары чакаюць зносу дамоў больш за дзесяць гадоў. У 2011 годзе тут планавалі будаваць лазнева-аздараўленчы комплекс, пасля вырашылі ўзводзіць шматпавярхоўкі.
Многія жыхары не хочуць пераязджаць з прыватных дамоў у кватэры — падаюць калектыўныя пазовы. Ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама спасылаюцца на генплан. Згодна з ім, скрыжаванне вуліц Брыкеля і Таўлая павінны выкарыстоўваць пад шматкватэрную забудову.
Чытайце таксама: На кальцы Брыкеля-Таўлая пабудуюць новы квартал высотак



