Першы этап рэстаўрацыі замка ў Крэве пачаўся ў 2018 годзе. Цяпер, як піша БелТА, ён скончаны. Спецыялісты называюць работы паспяховымі, таму для знойдзеных артэфактаў хочуць зрабіць музей.

Мінкульт падтрымаў ідэю супрацоўнікаў Інстытута НАН Беларусі аб стварэнні музея. У экспазіцыю ўвойдуць адрэстаўраваныя цагляныя будынкі ўздоўж паўднёва-ўсходняй сцяны замка. Для гэтага спецыялістам трэба выкрыць падмуркі. Гэтым будуць займацца навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі.

Па словах супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Дзярновіча, адкрыцці «змянілі ўяўленні аб Крэўскім замку».

Папярэдняя канцэпцыя прадугледжвала, што замак быў сховішчам, дзе мясцовыя хаваліся ад небяспек. «Цяпер мы можам казаць, што Крэўскі замак — гэта рэзідэнцыя. Менавіта тут і была заключана Крэўская унія, польскія паслы прыехалі сюды да Ягайлы», — дадае Дзярновіч.

Падчас першага этапа рэстаўрацыі археолагі таксама знайшлі заходні кут замка. Адкрыццё дазволіла спецыялістам зрабіць выснову, што архітэктура Крэўскага замка не такая прымітыўная, як меркавалася раней. Знаходку назвалі сенсацыйнай.

Чытайце таксама: Пацвердзілася наяўнасць трэцяй вежы Крэўскага замка — археолагі знайшлі заходні кут