У сераду, 29 кастрычніка, урад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларуссю на месяц, але пакінуць выключэнні для некаторых катэгорый падарожнікаў, паведамляе літоўскае выданне diena.lt.

«Мы прадстаўляем праект, накіраваны на вырашэнне напружанай сітуацыі на мяжы і ў аэрапортах. Мы лічым, што гэтыя змены павінны стаць рэальным сігналам для нашага не вельмі прыязнага суседа, які не прыкладае ніякіх намаганняў для вырашэння праблемы», — заявіў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч падчас нарады.

Каменны Лог — абмежаваны праезд, Беняконі закрытыя

Памежны пераход Шальчынінкай-Беняконі закрываецца цалкам. Праезд праз памежны пераход Меднікі-Каменны Лог будзе абмежаваны.

Праз яго могуць праязджаць дыпламаты, перавозчыкі дыпламатычнай пошты, асобы, якія едуць па спрошчаным транзітным дакуменце, грамадзяне Літвы, якія вяртаюцца ў краіну, і члены іх сем’яў, а таксама грамадзяне Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскай эканамічнай зоны і краін НАТА і члены іх сем’яў. Таксама перасякаць мяжу ў гэтым КПП могуць і замежнікі, якія вяртаюцца ў Літву пры наяўнасці дзеючага літоўскага ВНЖ (дазволу на жыхарства), а таксама замежныя грамадзяне з гуманітарнымі візамі.

«Сёння Літва сутыкаецца з гібрыднай атакай, рэчы трэба называць сваімі імёнамі», — заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

Яна прызнала, што гэтае рашэнне можа стварыць нязручнасці для некаторых жыхароў Літвы, але падкрэсліла, што забеспячэнне бяспекі застаецца для ўрада краіны безумоўным прыярытэтам і такі крок неабходны.

Рашэнне будзе дзейнічаць да 30 лістапада. Пасля гэтага Кабінет міністраў разгледзіць пытанне аб яго падаўжэнні альбо аб адкрыцці літоўска-беларускай мяжы.

Нагадаем, прапускныя пункты на літоўска-беларускай мяжы закрылі ўвечары 26 кастрычніка з-за запускаў метэазондаў з тэрыторыі Беларусі.