Новая дарога да Альшанкі адкрыецца 5 лістапада. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Пул 4 Регион». Рэканструяваны ўчастак «Вялікага аб’язнога кальца» пашырылі да чатырох палос з раздзяляльнай зонай.
Дарожнікі ўклалі больш за 32 тысячы тон асфальту, усталявалі больш за 18 км дарожных адбойнікаў. Для рэалізацыі праекта высеклі 2818 дрэў. У якасці кампенсацыі высадзілі 4155 дрэў і 1111 кустоў.
Таксама мадэрнізавалі дзве кальцавыя развязкі — на скрыжаванні вуліц Айчыннай і Багушэвіча, і ў раёне Паўднёвага рынку — каб забяспечыць праезд большага патоку легкавога і грузавога транспарту.

Раней на месцы магістралі знаходзілася вузкая «бетонка». Яе рэканструкцыю заклалі ў генплане Гродна, прынятым у 2020 годзе. У 2022 годзе пачалі праектныя работы па яе пашырэнні. Актыўныя работы пачаліся 26 траўня гэтага года.



