У Гродзенскім абласным судзе 21 кастрычніка вынеслі прысуд пяцярым жыхарам Навагрудка — Таццяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужам Аляксандру і Ірыне Лебедзям. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361−1 КК) і прыгаварылі да двух з паловай гадоў калоніі і штрафаў па 800 базавых велічынь — 33 600 беларускіх рублёў.
Усіх пецярых затрымалі 31 кастрычніка 2024 года падчас маштабнага рэйду КДБ па краіне. Паводле звестак праваабаронцаў, жыхароў Навагрудка абвінавацілі ва ўдзеле ў Telegram-чаце «Партызаны Навагрудка». З моманту затрымання яны знаходзіліся ў турме № 1 Гродна, паведамляюць праваабаронцы.
У снежні 2024-га года следчыя арыштавалі маёмасць у затрыманых навагрудчан. Так, арышт наклалі на маёмасць сямейнай пары Аляксандра і Ірыны Лебедзяў, а таксама Вольгі Аляшкевіч і Таццяны Палубок. У актывіста Ігара Хіневіча забралі ўсе наяўныя грошы, таму яго сям’я тады засталася без сродкаў да існавання.
У 42-гадовай Ірыны Лебедзь ёсць праблемы з пазваночнікам: шматлікія грыжы і іншыя ўтварэнні, жанчыне неабходная аперацыя.
У Вольгі Аляшкевіч ёсць непаўналетняе дзіця.
Усіх асуджаных праваабаронцы прызналі палітвязнямі.