Гродзенскія медыя расказалі пра тое, што «ўніверсітэт з Гродна ўвайшоў у лік кандыдатаў на ўключэнне ў спіс лепшых ВНУ свету». Справа ў тым, што брытанскі часопіс Times Higher Education (THE) апублікаваў глабальны рэйтынг ВНУ World University Rankings. У спісе сапраўды аказаліся дзевяць беларускіх ВНУ, у тым ліку дзве гродзенскія — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Рэдакцыя Hrodna.life разабралася, як ВНУ могуць трапіць у рэйтынг і ці значыць гэта, што беларускія ВНУ прызнаюцца на міжнародным узроўні.
Што гэта за рэйтынг універсітэтаў?
World University Rankings паказвае, якія ўніверсітэты лічацца лепшымі ў свеце. Ацэнка праводзіцца па якасці даследаванняў, выкладання, навуковаму асяроддзю, міжнародным сувязям і сувязі з індустрыяй. Першы рэйтынг ТНЕ быў складзены ў 2004 годзе. Тады ў ім удзельнічала ўсяго 200 ВНУ. У 2025 годзе ацэньвалі ўжо больш за тры тысячы ўніверсітэтаў, а ў выніковы рэйтынг трапіў 2191 універсітэт са 115 краін.
У 2025 годзе, як і ў мінулыя гады, лідзіруе Оксфардскі ўніверсітэт. За ім ідуць Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Прынстан і Кембрыдж. У першую дзясятку таксама традыцыйна ўваходзяць Гарвард, Стэнфард і Ельскі ўніверсітэт.
Некаторыя буйныя ВНУ адмаўляюцца ўдзельнічаць у рэйтынгу. Сярод іх — Сарбона, Універсітэт Цюрыха, некалькі індыйскіх тэхналагічных інстытутаў (2020), а таксама Кітайскі народны ўніверсітэт, універсітэты Нанкіна і Ланьчжоу (2022) і Універсітэт Утрэхта (Нідэрланды) (2023).
Як ВНУ трапляюць у сусветны рэйтынг
У пачатку кожнага года на сайце World University Rankings адкрываецца спецыяльная форма, якую могуць запоўніць прадстаўнікі любога ўніверсітэта свету. На аснове ўсіх заявак фарміруецца спіс і выбіраюцца лепшыя ВНУ. Методыка складання рэйтынгу строгая і дэталёва прадуманая.
Ацэнка праводзіцца па якасці даследаванняў, выкладання, навуковаму асяроддзю, міжнародным сувязям і сувязі з індустрыяй.
Напрыклад, універсітэт павінен апублікаваць не менш за 1000 навуковых артыкулаў у аўтарытэтных часопісах за апошнія пяць гадоў перад падачай заяўкі.
Каб не выключаць ВНУ, якія не пасуюць пад усе крытэрыі, у 2021 годзе ўвялі паняцце «ўніверсітэт-рэпарцёр». Гэта дазваляе зрабіць ВНУ бачнай для будучых студэнтаў. У гэтую катэгорыю могуць уваходзіць, напрыклад, навучальныя ўстановы, якія прапануюць навучанне толькі па адной спецыяльнасці ці не маюць праграм бакалаўрыяту.

Беларускія ВНУ ў рэйтынгу
З беларускіх універсітэтаў у рэйтынг трапіў толькі адзін — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён знаходзіцца ў групе 1500+, гэта значыць у канцы спісу.
Астатнія восем — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі і Гродзенскі дзяржаўныя медыцынскія ўніверсітэты, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, а таксама Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, хоць і былі пададзены — не адпавядаюць крытэрыям і знаходзяцца ў канцы спісу, як універсітэты-рэпарцёры.
Паводле звестак рэйтынгу, у Гродзенскім універсітэце вучацца каля 8,4 тысячы студэнтаў. На аднаго выкладчыка прыпадае прыкладна 10 студэнтаў, замежных — каля 9%, а жанчын крыху больш, чым мужчын. У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце навучаюцца каля 5,1 тысячы студэнтаў. На аднаго выкладчыка прыпадае амаль 10 студэнтаў, замежных студэнтаў — каля чвэрці, а жанчын тут значна больш, чым мужчын.
А што ў нашых суседзяў?
У рэйтынгу ўдзельнічаюць універсітэты ўсіх суседніх краін. Польшча прадстаўлена 45 ВНУ. Большасць з іх прайшлі поўную ацэнку, толькі тры — у статусе ўніверсітэтаў-рэпарцёраў. Сярод вядомых — Ягелонскі ўніверсітэт і Уроцлаўскі медыцынскі ўніверсітэт (група 500+), Варшаўскі ўніверсітэт і Медыцынскі ўніверсітэт у Лодзі (600+), а таксама менш буйныя ВНУ накшталт Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага або Універсітэта Яна Каханоўскага (1500+).

Літва прадстаўлена шасцю ўніверсітэтамі, Латвія — пяццю. Адзін з іх не адпавядае патрабаванням рэйтынгу. Рыжскі тэхнічны ўніверсітэт і Латвійскі ўніверсітэт аказаліся ў групе 1001−1200, Рыжскі ўніверсітэт Страдыня — 1201−1500, а Латвійскі ўніверсітэт біялагічных навук і тэхналогій — 1501+.
Украіна прадстаўлена 67 ВНУ (22 з іх трапілі ў рэйтынг, лепшы вынік у Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта — ён знаходзіцца ў катэгорыі 1000+), Расія — 103. У топ-200 увайшоў МДУ імя М. В. Ламаносава, заняўшы 133 месца.