Пасля слоў Лукашэнкі аб навядзенні “жалезнага парадку” міліцыянты вобласці пачалі патруляваць запраўкі. Журналісты “Гродзенскай праўды” далучыліся да рэйду і не выявілі ні чэргаў на АЗС, ні “непарадку”.

На нарадзе па эканамічных пытаннях 16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што беларусы п’юць каву на аўтазапраўках, займаючы паркоўкі і замінаючы праезду. Ён даручыў дзяржсакратару Савета Бяспекі Аляксандру Вольфавічу перадаць кіраўніку МУС Івану Кубракову заданне разабрацца ў гэтым пытанні і навесці “жалезны парадак” да панядзелка, 20 кастрычніка.

Гродзенская вобласць не стала выключэннем.

– Створаны групы, якія правяраюць прыдарожныя кафэ і АЗС і сочаць за бяспекай руху, – распавёў начальнік ДАІ Гродзенскага аблвыканкама Генадзь Бяляўскі. – З уладальнікамі заправак праводзяць гутаркі аб неабходнасці захавання мер бяспекі і падзелу продажу паліва і прадуктаў.

Інспектары штрафаваць за каву не буду, а нагадаюць кіроўцам аб культуры паводзін і ўзаемнай павазе.

Чэргаў няма

Па словах работнікаў АЗС, невялікія чэргі часцей з’яўляюцца ў выхадныя, калі машын становіцца больш.

— Кіроўцаў, якія перашкаджаюць іншым, у нас няшмат. Ёсць касы самаабслугоўвання, імі карыстаюцца пры куплі кавы ці ежы. Усё праходзіць хутка, таму чэргаў амаль няма. Плюс заўсёды дзяжурыць супрацоўнік, які сочыць за парадкам, — распавяла супрацоўніца станцыі.

Асноўныя праблемы з чэргамі звязаны з арганізацыйнымі і чалавечымі фактарамі: аператары не заўсёды паспяваюць абслугоўваць усіх у гадзіны пік, а некаторыя кіроўцы самі ствараюць нязручнасці, выяўляючы няўважлівасць.

Рейды на заправках в Гродненской области
Фота: “Гродненская правда”

Што кажуць кіроўцы

Журналісты выдання адзначылі, што на запраўках усё спакойна. Большасць вадзіцеляў запраўлялі машыны і адразу з’язджалі. Тыя, хто хацеў перакусіць, аўтамабілі пакідалі на спецыяльнай паркоўцы.

– Часам даводзілася скандаліць, прасіць іншых кіроўцаў ад’ехаць, а ўжо потым піць каву. Добра, што гэтым пытаннем заняліся. Каб усім было зручна, трэба прыпаркавацца і толькі потым браць ежу ці напоі. Навесці парадак – правільнае рашэнне, – распавяла адна з наведвальніц.

Праўда, знайшоўся кіроўца, які пакінуў машыну ля калонкі і пайшоў за кавай. Чэргі за ім не было, але інспектары правялі з ім прафілактычную гутарку. У мужчыны не аказалася тэхагляду, хоць ён ужо атрымліваў прадпісанне прайсці яго.

Рейды на заправках в Гродненской области
Фота: “Гродненская правда”

 – Я заўсёды сачу, каб не ствараць чэргі, бяру каву і адразу ад’язджаю, – патлумачыў ён.

Іншы кіроўца таксама падтрымаў неабходнасць парадку на запраўках:

– Машыну пакінулі ля калонкі, а самі пайшлі па гарбату ці каву. Гэта стварае нязручнасці.

Рэйды на Гродзеншчыне будуць працягвацца.