У этна-краме «Цудоўня» цяпер прадаюць спэшалці каву «Кава Hrodzienska». Склад напою распрацоўвалі сумесна з кампаніяй па пражэнню кавы Daloni. Стваральнікі хацелі, каб смак перадаваў атмасферу Гродна.

Спэшалці кава — гэта тэрмін, якім пазначаюць каву вышэйшай якасці, якая прайшла строгі адбор і ацэнку па міжнародным стандартам.

«Моцны, сталы, саспелы, насычаны, поўны, глыбокі выразны смак. Ніякай легкадумнасці, ніякай мімалётнасці. Не жорсткі. Не рэзкі», — апісваюць смак напою ў Instagram-акаўнце «Цудоўні».

Гродзенская крама сувеніраў выпусціла каву са смакам горада
«Кава Hrodzienska». Фота: Instagram-акаўнт магазіна «Цудоўня»

Аўтары дадаюць, што кава перадае «смак старога месца» і называюць напой «першым гродзенскім спэшалці».

У распрацоўцы напою дапамагалі пражальнікі Daloni Coffe. Брэнд заснавалі ў 2015 годзе. Прадстаўляюць каву з больш як 50 краін і рэгіёнаў, вырашчаную на плантацыях па ўсім свеце. Працуюць з кавярнямі ў Мінску.

Каву ўжо дадалі ў асартымент магазіна. Дастаўку напою ў іншыя гарады можна аформіць анлайн.

У Гродне ўжо рабілі брэндаваную каву

У 2016 годзе гродзенскі прадпрымальнік Вадзім зрабіў падарунак да 888-годдзя горада — вырабіў каву «Horodnia 1128». Напой прадавалі анлайн, а таксама ў двух крамах Гродна — «Баторыя» і «Сонечны».

У Гродне ёсць яшчэ адзін праект, які паспяхова працуе з брэндам горада. Гэта серыя травяных гарбат «Гарадзенская гарбата». Напоі прадаюць у «Цудоўне» і ў аптэцы-музеі на Савецкай, 4.

Чытайце таксама: Ад элітнага да даступнага: кароткая гісторыя кавы і гарбаты ў Гродне і Беларусі