У этна-краме «Цудоўня» цяпер прадаюць спэшалці каву «Кава Hrodzienska». Склад напою распрацоўвалі сумесна з кампаніяй па пражэнню кавы Daloni. Стваральнікі хацелі, каб смак перадаваў атмасферу Гродна.

Спэшалці кава – гэта тэрмін, якім пазначаюць каву вышэйшай якасці, якая прайшла строгі адбор і ацэнку па міжнародным стандартам.

«Моцны, сталы, саспелы, насычаны, поўны, глыбокі выразны смак. Ніякай легкадумнасці, ніякай мімалётнасці. Не жорсткі. Не рэзкі», — апісваюць смак напою ў Instagram-акаўнце «Цудоўні». 

Гродзенская крама сувеніраў выпусціла каву са смакам горада
“Кава Hrodzienska”. Фота: Instagram-акаўнт магазіна “Цудоўня”

Аўтары дадаюць, што кава перадае “смак старога месца” і называюць напой “першым гродзенскім спэшалці”.

У распрацоўцы напою дапамагалі пражальнікі Daloni Coffe. Брэнд заснавалі ў 2015 годзе. Прадстаўляюць каву з больш як 50 краін і рэгіёнаў, вырашчаную на плантацыях па ўсім свеце. Працуюць з кавярнямі ў Мінску.

Каву ўжо дадалі ў асартымент магазіна. Дастаўку напою ў іншыя гарады можна аформіць анлайн.

У Гродне ўжо рабілі брэндаваную каву

У 2016 годзе гродзенскі прадпрымальнік Вадзім зрабіў падарунак да 888-годдзя горада – вырабіў каву “Horodnia 1128”. Напой прадавалі анлайн, а таксама ў двух крамах Гродна – “Баторыя” і “Сонечны”.

У Гродне ёсць яшчэ адзін праект, які паспяхова працуе з брэндам горада. Гэта серыя травяных гарбат “Гарадзенская гарбата”. Напоі прадаюць у “Цудоўне” і ў аптэцы-музеі на Савецкай, 4.

Чытайце таксама: Ад элітнага да даступнага: кароткая гісторыя кавы і гарбаты ў Гродне і Беларусі