Перавыданне кнігі Алеся Смаленчука называецца «Раман Скірмунт 1868−1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Яно распавядае пра асобу былога прэм’ера ўрада БНР і сенатара ІІ Рэчы Паспалітай. Кніга выйшла 7 кастрычніка — у гэты дзень у 1939 годзе Скірмунта забілі ў Пінскім раёне.
Кніга складаецца з біяграфіі Рамана Скірмунта — у яе ўнеслі новыя факты. Улічылі заўвагі рэцэнзентаў. Таксама ў выданне ўвайшлі арыгінальныя ілюстрацыі. Першая версія выйшла ў 2019 годзе.
З прадмовы да другога выдання: «[…] Раман Скірмунт — гэта заўсёдны напамін пра важнасць адзінства беларускіх палітычных сіл. Летам 1918 г. ён як кіраўнік ураду БНР у інтэрв'ю журналістам «Минского еженедельника» заявіў: «Цяпер момэнт, калі патрэбуецца зьбіранне ўсіх інтэлігентных сілаў краю для творчай працы ў дзеле аснавання Беларускай дзяржаўнасьці. […] Трэба сабраць усе сілы, якія могуць быць карыснымі, як у дзержаўна-творчай працы, так і для культурна-эканамічнаго адраджэння краю».
Прэзентацыі кнігі адбудуцца падчас кніжнага фестывалю «Прадмова». Першая з іх запланавана ў Вільне 12 кастрычніка. Таксама замовіць асобнік можна праз e-mail канала Hrodna 11:27 — [email protected].
У стварэнні выдання ўдзельнічала Гарадзенская бібліятэка, гістарычны канал Hrodna 11:27 і еўрапейскія фонды — Kolegium Europy Wschodniej, а таксама Orsa-Romano Cultural Foundation Inc.