На некаторых участках шляху ў Дзятлаўскім і Лідскім раёнах рэйкі былі дрэнна замацаваны — не хапала крапежных дэталяў. Частка шпал пашкодзілася — іх трэба было замяніць. Такія дэфекты могуць прывесці да зрушэння рэек і павышанага зносу шляхоў, а таксама — да аварыі ці сходу цягніка. Да такой высновы прыйшла пракуратура падчас праверкі.
Яе мэтай было зразумець, у якім стане знаходзяцца чыгуначныя масты і пуцеправоды Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Парушэнні знайшлі ў Дзятлаўскім і Лідскім раёнах.
Акрамя рэек, пытанні былі да аднаго з мастоў. Кабелі сігналізацыі часткова не былі прыкрыты спецыяльным кажухом. Гэта небяспечна: па-першае, драты не абаронены ад дажджу ці снегу, а па-другое, да іх мог падысці хто заўгодна.
Таксама выявілі, што жалезабетонны сход з насыпу да апор моста не абсталяваны парэнчамі. Гэта небяспечна для супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць мост. У пешаходнай частцы моста правяраючыя знайшлі дзірку ў прыступках — адтуліну памерам прыкладна 16 на 4 сантыметры. Акрамя таго, каля апор дзесяці свяцільняў так і не аднавілі асфальт.
Пасля праверкі Гродзенская транспартная пракуратура даручыла службовым асобам выправіць усе парушэнні.