У Гродне ў кастрычніку пачнуць расчышчаць раку Ласасянку. У будучыні на яе берагах з’явіцца добраўпарадкаваная зона адпачынку з набярэжнай і спартыўнымі пляцоўкамі.
Улады дамовіліся з грамадскімі арганізацыямі і жыхарамі мікрараёна Фолюш, расказаў старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Бялінскі.
— Гэтае месца заўсёды карысталася папулярнасцю ў гараджан. Мы хочам, каб і надалей тут можна было гуляць, адпачываць, катацца на байдарках ці сапах. У будучыні рака стане сапраўднай зонай прыцягнення для жыхароў і гасцей горада, — перакананы ён.
Праект будучай зоны адпачынку ўжо распрацавалі. На гэтым месцы з’явяцца дагледжаная набярэжная, камфортныя дарожкі, пляцоўкі для шпацыраў і заняткаў спортам.
Па словах чыноўніка, гэта ініцыятыва гарадскога Савета дэпутатаў, мэра і актыўных гараджан, паведамляе «Гродзенская праўда».
Планам ужо амаль 10 гадоў
Пра тое, каб зрабіць на берагах Ласасянкі зону адпачынку, гаварылі яшчэ ў 2016 годзе, калі тут былі агароды мясцовых жыхароў. Потым іх знеслі.
Увесну 2025 года стала вядома, што ў мікрараёне Фолюш у Гродне з’явіцца новы парк адпачынку. Улады займаліся распрацоўкай перадпраектнай дакументацыі рэкрэацыйнай зоны. Толькі на гэта выдзелілі 29 472 рублі.
Ласасянка — адна з самых чыстых рэк Беларусі
Раней рака Ласасянка называлася Ласосьна — гэтая назва з’явілася дзякуючы ласосю, які падымаўся сюды на нераст з Балтыйскага мора. Пасля будаўніцтва Каўнаскай ГЭС у сярэдзіне мінулага стагоддзя іх папуляцыя знікла, аднак у рацэ дагэтуль сустракаецца фарэль, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Рака бярэ свой пачатак ля польскага горада Сакулка і ўпадае ў Нёман, працягнуўшыся на 80 кіламетраў. Лічыцца адной з самых чыстых рэк у Беларусі.
У Гродне ў Ласасянкі звілістае рэчышча, якое фарміруе зялёныя зоны і пляжныя ўчасткі.