У аўторак, 23 верасня 2025 года Onlíner паведаміў пра трагічны інцыдэнт, які адбыўся на святкаванні Дня горада ў Лідзе. Усё адбылося 13 верасня. Падчас выступлення ў каня трапіла дзіда. Праз некалькі дзён стала вядома, што конь загінуў. Інфармацыя разышлася па іншых медыя. Арганізатарам прадстаўлення быў конны клуб «Залатая шпора». Яго дырэктар Павел Калінкоў у размове з тэлеканалам АНТ факт гібелі каня пацвердзіў, але заявіў, што ў артыкуле скажоная інфармацыя.
Падчас конна-трукавага шоу ў Лідскім замку дзіда, якой вершнікі спрабавалі трапіць у шчыт, адскочыла і ўвайшла проста ў грудзі каня. Жывёлу з дзідай у грудзях спрабавалі вывесці за агароджу, аднак выступленне прадоўжылася.
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, на тэрыторыі якога праходзіў фестываль, паведамілі, што шкадуюць пра тое, што здарылася, але адказнасць за жывёлу нясе яе ўладальнік.
Зоаабаронцы ўказвалі на магчымыя парушэнні: адсутнасць ветэрынара на месцы, выкарыстанне вострых прадметаў паблізу гледачоў і працяг выступлення пасля траўмы жывёлы. На іх думку, такія выпадкі не павінны заставацца без увагі, інакш ствараецца небяспечны прэцэдэнт як для жывёл, так і для людзей.
У размове з тэлеканалам АНТ Павел расказаў, што смяротнае раненне атрымаў конь па імені Скарлет.
Па яго словах, конны клуб «Залатая шпора» арганізуе шоу з коньмі ўжо на працягу 23 гадоў. Такіх здарэнняў, якое адбылося ў Лідзе, за ўсе гады працы ні разу не было. Трагедыя здарылася падчас трука з кіданнем дроцікаў — кароткіх дзідаў — у драўляны шчыт.
«Дзіда разломалася і тупая частка трапіла у торс жывёлы»
«Гэты трук мы выконваем ужо шмат гадоў. Нашы рабяты — прафесіяналы, вельмі падрыхтаваныя. Яны даўно трэніруюцца і ўмеюць гэта класна рабіць. Тое, што адбылося ў Лідзе, — гэта проста няшчасны выпадак. Кідаліся кароткія маленькія дроцікі. Адзін з іх адляцеў ад шчыта, разламаўся і тупой часткай укалоўся ў торс жывёлы. Наканечнік быў наогул у іншым баку. У артыкуле ж выставілі так, нібыта гэта была доўгая дзіда, якая ўляцела прама ў грудзі каня. Гэта наогул не так», — расказаў Павел Калінкоў.
На момант здарэння ён быў на здымках фільма ў Расіі. Адтуль ён абзвоньваў ветэрынараў, спрабаваў знайсці патрэбных спецыялістаў, каб выратаваць каня. З нагоды адсутнасці ветэрынара на мерапрыемстве Павел заявіў, што гэта ў прынцыпе не практыкуецца, каб на кожным выступленні такі спецыяліст дзяжурыў.

«Ветэрынар пасля таго, што здарылася, быў выкліканы імгненна. Хлопцы адразу ж звярнуліся да спецыяліста з Мінска, які нас пастаянна абслугоўвае, а таксама паралельна мы абзванілі ўсе конныя клубы Гродзенскай вобласці — і яны выклікалі яшчэ двух спецыялістаў. Я не саромеўся абзвоньваць у выхадны людзей, абы хоць хто-небудзь першы прыехаў. Але трэба разумець: нават каб з Гродзенскай вобласці аператыўна прыехаць, чалавеку трэба элементарна сабраць рэчы, сесці ў машыну і дабрацца да Ліды. А гэта ўсё час», — кажа дырэктар клуба.
Пакуль вяліся пошукі ветэрынара, хлопцы з клуба звярнуліся па дапамогу да «чалавечых» урачоў, якія дзяжурылі на мерапрыемстве, каб тыя агледзелі жывёлу.
«Сітуацыя была крытычная. Удар быў несумяшчальны з жыццём. Каманда змагалася да апошняга, але, на жаль, праз некалькі гадзін Скарлет пала. Хлопчык, які ў ёй сядзеў, дагэтуль перажывае з нагоды яе смерці. Гэтая сітуацыя стала страшнай трагедыяй для ўсяго клуба. Коні для нас не расходны матэрыял, гэта нашы сябры. І гэта выдатна бачаць тыя людзі, якія прыязджаюць да нас у клуб. Зараз мне паступае шмат паведамленняў са словамі падтрымкі», — кажа Павел Калінкоў.
Трукі выконваюцца ў адпаведнасці з правіламі бяспекі
Па словах Паўла Калінкова, любое прадстаўленне праходзіць у адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў тэхнікі бяспекі, таму звесткі пра тое, што ўсе трукі выконваліся ў непасрэднай блізкасці ад гледачоў, не адпавядаюць рэчаіснасці.
Пракаментаваў ён і абурэнне дзяўчыны з артыкула, якая расказала, што, нягледзячы на тое, што здарылася, шоу было працягнута. Павел Калінкоў запэўнівае, што параненую кабылу адразу павялі за кулісы. Але каманда павінна працаваць далей.
«Калі чалавек ідзе па вуліцы і яму ў галаву прылятае цэгла, ён падае. А астатнія?.. Астатнія людзі ідуць далей. Мы таксама павінны былі працаваць далей. Гэта наша праца, наша прафесія, разумееце?.. Шоу прадоўжылася, але паралельна мы спрабавалі выратаваць каня», — адзначае ён.
Калінкоў таксама папракнуў журналістаў, якія «пачалі фантазіраваць і пісаць нешта з яго слоў, падносіць інфармацыю так, каб хайпануць на чужым горы».
«Такі выпадак — адзін на мільён, проста збег абставінаў. І для нас усіх, для мяне асабіста гэта сапраўдная трагедыя. Усе хлопцы дагэтуль перажываюць», — сказаў ён.
Цяпер клуб рыхтуецца зрабіць афіцыйную заяву з нагоды здарэння.