Ад палітзняволенага і гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына ўжо 19 дзён няма лістоў. Яго жонка мяркуе, што з ім нешта здарылася і таму ён не можа напісаць, альбо яму падоўжылі знаходжанне ў штрафным ізалятары.
Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ў турме № 8 у горадзе Жодзіна. Па словах яго жонкі Вольгі, раней ён па сваім жаданні перапіску не перапыняў.
«На 15-ты дзень адсутнасьці карэспандэнцыі можна й без пацьверджаньня ўпэўнена казаць, што Дзяніс Івашын, на жаль, знаходзіцца ў ШЫЗА. Такі перапынак у ліставаньні наш ваяр сабе ніколі не дазваляе паводле ўласнае волі, бо ведае, як мы за яго хвалюемся», — напісала Вольга, калі адсутнасць лістоў была яшчэ 15 дзён.
Па стане на 23 верасня 2025 года лістоў ад палітвязня няма ўжо 19 дзён.
«Той факт, што новая карэспандэнцыя ад Дзяніса Івашына дагэтуль не зьявілася, можа сьведчыць пра тое, што максымальным дадатковым катаваньнем у 15 содняў рэжымныя служкі не абмежаваліся, або (і гэта яшчэ мацней непакоіць), зь Дзянісам штосьці здарылася, у выніку чаго ён ня можа нам напісаць», — напісала яна.
З-за чаго Дзяніс Івашын знаходзіцца ў турме
Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. У яго дома, на лецішчы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Спачатку яго абвінавачвалі па арт. 365 КК — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», пазней — у «здрадзе дзяржаве» (арт. 356). Яго неаднаразова змяшчалі ў карцар. 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Івашыну 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. Дзяніса прызналі палітзняволеным. Ён не стаў пісаць Лукашэнку ліст пра памілаванне.



