На сэрвісе «Атлас» зноў можна купіць білеты з Гродна ў Варшаву, якія будуць ісці праз пункт пропуску «Брэст». Рэйсы даступныя з 25 верасня.

Перавозчыкі аднавілі рух аўтобусаў з адкрыццём аўтамабільнага пункта пропуску «Брэст-Цярэспаль». Яго закрывала Польшча на час вучэнняў «Захад-2025».

На сайце і ў дадатку «Атлас» ужо даступныя білеты на рэйсы з Гродна ў Варшаву з 25 верасня з адпраўленнем у: 00:20, 01:00, 08:10, 13:00, 21:00 і 22:10. Таксама адкрыты продаж і на зваротныя рэйсы, паведамляе сэрвіс «Атлас». Кошт квітка ў адзін бок — 150 рублёў.

Стала вядома, што адмянілі аўтобусы, якія едуць у Польшчу праз Латвію. Рэйсы запусцілі падчас закрыцця пункта пропуску. Грошы пасажырам вернуць.

Нагадаем, у ноч з 11 на 12 верасня Польшча закрыла аўтамабільныя і чыгуначныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Сітуацыя, калі былі б закрытыя ўсе КПП на мяжы паміж дзвюма краінамі, адбылася ўпершыню з 1991 года. 23 верасня стала вядома, што пункты пропуску, якія былі закрытыя ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025» — аўтамабільны і чыгуначны — будуць адкрытыя ў ноч з 24 на 25 верасня.