У санаторыі «Нёман-72» заявілі, што з-за закрыцця польска-беларускай мяжы ў шматлікіх турыстаў сарваўся адпачынак. Цяпер сярод адпачывальнікаў, па словах адміністрацыі, няма ніводнага паляка.
Відэа з выступам галоўнага ўрача санаторыя Ірыны Луканскай з’явілася ў TikTok дзяржаўнага выдання «Гродзенская праўда». Каментатары пад ролікам не саромеліся ў выразах і актыўна абмяркоўвалі, хто вінаваты і што рабіць далей.
Санаторый: людзі з’язджалі нават датэрмінова
Па словах Ірыны Луканскай, каля 50% адпачывальнікаў — замежнікі, аднак сярод іх няма ніводнага паляка. Яна звязала гэта з закрыццём польска-беларускай мяжы.
— Людзі з’язджалі нават датэрмінова, таму што баяліся, што не змогуць вярнуцца ў сваю краіну. У выніку гэта парушэнне іх правоў. Хочуць адпачываць у Беларусі — бо мы краіна адкрытая, бязвізавая. Прыязджайце, адпачывайце, знаёмцеся з нашай культурнай спадчынай, глядзіце, якая Беларусь мірная і цудоўная. Але людзі вымушаныя былі пакінуць і санаторый, і краіну, каб гарантавана вярнуцца дадому і не баяцца праблем з вяртаннем, — сказала Луканская.
Яна ўдакладніла, што цяпер санаторый цалкам загружаны: каля паловы гасцей — беларусы, астатнія — грамадзяне суседніх краін, у асноўным расіяне. Таксама, паводле яе слоў, на адпачынак прыязджаюць літоўцы, латышы і эстонцы.

Ірына адзначыла, што ў чалавецтва ёсць з чым змагацца: цяжкія невылечныя захворванні і голад у неразвітых краінах.
— І супраць гэтага, вядома, добра было б аб’яднаць высілкі і змагацца. А вось ставіць штучныя межы абсалютна, лічу, няправільна і неэфектыўна, і недальнабачна, — дадала галоўны ўрач санаторыя.
Каментатары ўспомнілі аб вайне і судах
Карыстальнікі нагадалі пра вайну ва Украіне і вучэнні «Захад-2025»:
«Мы такія адкрытыя, што даем сваю краіну для ўзброенага нападу на суседнюю краіну. А так мы міралюбівыя, добрыя, пухнатыя», — напісаў адзін з каментатараў.
«Мірная краіна не праводзіць ваенныя вучэнні на сваёй тэрыторыі з удзелам дзяржавы-агрэсара, якая ўжо забіла мільёны людзей па ўсім свеце… Хай чалавецтва змагаецца за свабоду, праўду і сумленны свет!», — адзначыў іншы.
«Мой знаёмы атрымаў 3 гады ў 2022-м. Здымаў, як танкі з Беларусі ехалі нападаць на Украіну. Мірная краіна», — напісала адна з карыстальніц.

Закранулі і палітыку з міграцыйным крызісам
«Гэта палітычная лінія вашага ўрада. Яны выбралі ваш лёс за вас», — адзначыў адзін з карыстальнікаў.
«Вам нагадаць, як Беларусь накіроўвала нелегалаў да мяжы з Польшчай?», — дадаў іншы.
«Змяніце прэзідэнта. Можа, тады вы будзеце мірнай краінай», — напісала карыстальніца.
«Будзе больш месцаў для беларусаў»
Шмат адказаў тычылася тэмы санаторыяў:
«Добра хоць, што цяпер у беларусаў з’явяцца месцы для адпачынку. А хто ў Польшчы адпачываў?», — напісала адна з жыхарак.
«Цяпер і беларусы змогуць наведаць свае санаторыі не па цане крыла „Боінга“», — дадала іншая.
Ёй адказалі, што праз прафсаюзы і па накіраванні ад урача можна трапіць «за так». Аднак іншыя карыстальнікі патлумачылі: каб атрымаць пуцёўку, даводзіцца доўга чакаць, і ўсё не так проста.
«Не смяшыце. Не ўсе працуюць на дзяржпрадпрыемствах. І колькі вам даюць пуцёвак па профілі? Адну ў пяць гадоў?», — адказала дзяўчына. На гэтым дыялог і скончыўся.

Тэма коштаў на санаторыі не раз усплывала:
«На моры танней адпачыць, чым у беларускім санаторыі», — заўважыў яшчэ адзін карыстальнік.
Раскрытыкавалі гродзенскі санаторый
Некаторыя каментатары пакінулі водгукі канкрэтна пра гродзенскі санаторый:
«А ў „Нёмане“ былі палякі? Туды і беларусы не хочуць ехаць. Там усё трэба рамантаваць», — напісала адна з карыстальніц.
Ёй запярэчылі, што санаторый адрамантаваны, аснашчаны сучасным абсталяваннем.
Дзяўчына ж парыравала: «У мінулым годзе стан пакідаў жадаць лепшага, а харчаванне — гэта ўвогуле страх».
Іншыя таксама скардзіліся на харчаванне ў гродзенскім санаторыі ці на тое, што не змаглі трапіць на адпачынак і выбралі іншае месца.
І сярод усіх досыць крытычных запісаў, якія пакідалі пад прамовай галоўнага ўрача «Нёмана-72», было ўсяго некалькі станоўчых, якія тычыліся менавіта гродзенскага санаторыя. Каментатары дзякавалі за гасціннасць і адзначалі, што ім усё спадабалася.

Дарэчы, свабодныя месцы ў санаторыі «Нёман-72» ёсць толькі ў канцы кастрычніка. Пражыванне з 26 па 28 кастрычніка для двух грамадзян ЕС у двухмесным аднапакаёвым нумары з пяціразовым харчаваннем (без працэдур) абыдзецца ў 100 еўра.
Для грамадзян Беларусі кошт будзе такім жа — 362,56 беларускага рубля за той жа нумар і ў тыя ж даты.
Нагадаем, у ноч з 11 на 12 верасня Польшча закрыла аўтамабільныя і чыгуначныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Сітуацыя, калі былі б закрытыя ўсе КПП на мяжы паміж дзвюма краінамі, адбываецца ўпершыню з 1991 года.