Былое кафэ «Верона» на першым паверсе адміністрацыйнага будынка на праспекце Касманаўтаў, 52 здаюць у арэнду. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Telegram-канале «Гродзенскага цэнтра нерухомасці».
Памяшканне належыць ААТ «Гроднапрамбуд». Агульная плошча — 491 кв. м.
Яно абсталявана ўсімі неабходнымі камунікацыямі: электрычнасцю, водазабеспячэннем, ацяпленнем, каналізацыяй і сувяззю. Ёсць цэнтральны ўваход, запасны выхад і паркоўка для аўтамабіляў. Аб’ект прапануецца пад арэнду для арганізацыі грамадскага харчавання ці размяшчэння вытворчасці.
Арэнда абыдзецца прыкладна ў 7 500 рублёў у месяц.

Кафэ «Верона» існавала ў Гродне больш за 15 гадоў. Тут прапаноўвалі стравы беларускай, еўрапейскай і італьянскай кухняў. Тут было дзве залы — банкетная і більярдная. Установа была папулярнай для правядзення розных банкетаў. Летам 2025 года на дзвярах кафэ, мяркуючы па водгуках на «Яндэкс», ужо вісела аб’ява, што ўстанова працуе толькі па папярэдніх замовах.

Апошнія публікацыі, звязаныя з заказамі ежы, на старонцы кафэ ў Instagram датаваны 27 жніўня. Пазней пачалі з’яўляцца пасты з просьбамі дапамагчы гродзенцу Івану Сцецэнку, які змагаецца з цяжкай хваробай — міядыстрафіяй Дзюшэна.