Супрацоўнікам спецаўтагаспадаркі (САХ) даручылі злавіць сабаку цягам сутак. Пасля жывёлу павінны зачыніць у вальеры або «вызначыць у пітомнік». Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Instagram-акаўнце Барона. За старонкай некалькі гадоў сочаць гродзенцы і турысты.
У сторыс паведамляецца: калі Барона не змесцяць у пітомнік або вальер, то “яго лёс будзе сумным”. Рэдакцыя Hrodna.life не ведае, пра які пітомнік ідзе гаворка. САГ – пункт часовага ўтрымання жывёл, але не прытулак і не пітомнік. Па законе, у жывёл, якія знаходзяцца ў САГ, ёсць усяго толькі некалькі дзён, каб знайсці ранейшага або здабыць новага гаспадара.
Гродзенцы даведаліся аб Бароне ў 2021 годзе. Тады супрацоўнікі кавярні «Наша кава» завялі для сабакі старонку ў Instagram. Так яны хацелі знайсці для жывёлы новы дом. Публікацыі хутка разляталіся сярод гараджан і неабыякавыя гродзенцы сабралі грошы на пакупку будкі для Барона.
Апошняя публікацыя ў акаўнце сабакі датуецца летам 2024 года. У ёй ад асобы Барона расказваюць, што будку адправілі ў САГ. “Там яна будзе больш карысная”, — адзначалі аўтары.
Чытайце таксама: “У яго няма дома, але ёсць інстаграм”. Бяздомны сабака Барон з Гродна распавядае пра сваё жыццё ў сацсетках.




