У мінулым годзе завяршыўся чарговы этап рэканструкцыі замка ў Навагрудку, які прыкметна змяніў аблічча руін і звыклыя віды з Замкавай гары. Не ўсе аказаліся рады пераменам, піша «Наша Ніва».

Чаму людзі абураюцца

Наведвальнікі адзначаюць, што новая кладка схавала ад вачэй стромкія схілы гары і шырокія краявіды, якія стваралі асаблівую рамантыку замчышча.

«Не ўбачыш цяпер стромы схіл гары, не ўявіш харугвы крыжакоў у бяскрайніх далях. Новыя пакаленні будуць толькі дзівіцца, што ў наш час тут дух займала ад захаплення», — пішуць у сацсетках.

Турысты таксама наракаюць на асобныя праектныя рашэнні. Напрыклад, нахіл верхняй часткі мура, зроблены для таго, каб па ім не маглі хадзіць людзі, накіраваны ўнутр замка. Гэта азначае, што вада і снег будуць сцякаць не вонкі, а проста на яго пляцоўку.

«Не ўявіш харугвы крыжакоў». Новыя муры Навагрудскага замка закрылі віды з Замкавай гары — турысты і мясцовыя не задаволеныя
Навагрудскі замак. Фота: сацсеткі

Крытыкі параўноўваюць новыя муры з «навабудам» у Крэве. На іх думку, можна было б пазначыць лініі сцен брукаванкай, а не ўзводзіць імітацыю старых умацаванняў. А патрачаныя сродкі, дадаюць яны, лепш было б накіраваць на выратаванне ўнікальных храмаў і сядзіб Беларусі.

Што кажуць спецыялісты

Эксперты ў сферы аховы спадчыны тлумачаць, што аднаўленне вялося па метадалогіі кансервацыі — каб абараніць старажытную муроўку ад разбурэння. Новыя рады камянёў служаць своеасаблівай «каронкай», якая перашкаджае ўздзеянню ападкаў на сапраўдныя рэшткі замка.

Тым не менш, застаецца праблема празрыстасці. Праект рэканструкцыі не выносіўся на грамадскае абмеркаванне, а справаздачы аб праведзеных работах застаюцца ў архівах. Спецыялісты адзначаюць: у Беларусі нават няма ў свабодным доступе актуальнага плана замка. Даследчыкі да гэтага часу карыстаюцца польскімі схемамі 1930-х гадоў.

«Не ўявіш харугвы крыжакоў». Новыя муры Навагрудскага замка закрылі віды з Замкавай гары — турысты і мясцовыя не задаволеныя
Навагрудскі замак. Фота: сацсеткі

Што змянілася і што яшчэ зробяць ў замку ў Навагрудку

Рэканструкцыя Навагрудскага замка ішла паэтапна і завяршылася ў верасні 2024 года. На Замкавай гары надбудавалі ўчасткі абарончых сцен, умацавалі падмуркі вежаў і ўсталявалі новыя металічныя вароты. Падмуркі Пасадскай і Уваходнай вежаў пераўтварылі ў аглядныя пляцоўкі.

«Не ўявіш харугвы крыжакоў». Новыя муры Навагрудскага замка закрылі віды з Замкавай гары — турысты і мясцовыя не задаволеныя
Навагрудскі замак. Фота: сацсеткі

Замак адкрыўся для наведвальнікаў восенню мінулага года, уваход зрабілі платным — сімвалічны рубель. Наступны, шосты этап рэканструкцыі закране цэнтральную вежу Шчытоўку: тут плануюць стварыць музей археалогіі і гісторыі замка.