Нядаўна ў цэнтры Гродна жыхары горада заўважылі бусла, які нікуды не адлятаў і, здавалася, зусім не баяўся людзей. Яму паспрабавалі дапамагчы — выйшла толькі з чацвёртага разу.
Фота і відэа з птушкай з’явіліся ў сацыяльных сетках. Відэа з буслом, які гуляе па плошчы Леніна, з’явілася ў TikTok і хутка набрала папулярнасць.
Гродзенцы таксама бачылі птушку ў парку Жылібера, дзе бусел (хутчэй за ўсё, тая ж птушка) шпацыраваў па траве разам з варонамі. А яшчэ назіралі, як ён разам з бабулямі пераходзіў дарогу па пешаходным пераходзе каля Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора.
Некаторыя каментатары жартавалі, што бусел заняў месца «на Мары Краймберы», якая павінна выступаць на плошчы Леніна на Дзень горада, ці ўспаміналі прымету, што сустрэць бусла — да дзяцей.
Ці патрэбная дапамога буслу?
Звычайна буслы пакідаюць Беларусь да канца жніўня — пачатку верасня, накіроўваючыся на поўдзень у пошуках больш цёплых месцаў на зіму. Але гэты экзэмпляр застаўся ў горадзе. Гараджане турбаваліся, што ён можа быць дэзарыентаваны, хворы, з пашкоджаным крылом ці проста мае патрэбу ў дапамозе, хоць візуальна з ім было ўсё ў парадку.
«Дзе заапарк? Дзе нашы арнітолагі? Відавочна, што хварэе. Просіць дапамогі. Мілыя буслы. Дапамажыце яму!», — напісала адна з карыстальніц.
«Буслы адляцелі… відаць, хварэе», — дадаў іншы карыстальнік TikTok.
Хтосьці расказваў, што бачыў бусла — гэтага ці іншага — у раёне вуліцы Магістральнай, заўважалі птушак і на Дзевятоўцы. Некаторыя выказалі здагадку, што ён збег з заапарка.
Гараджане спрабавалі дапамагчы буслу
У выніку адна з гараджанак разам з сябрамі патэлефанавала ў розныя службы. Дзяўчына звярталася ў МНС, заапарк і міліцыю. З чацвёртай спробы на плошчу Леніна прыехалі ратавальнікі і забралі птушку. Куды, невядома — гродзенцы не паведамілі.

Траўмаваныя птушкі ў Гродзенскім заапарку
Звычайна траўміраваных птушак дастаўляюць у Гродзенскі заапарк, дзе ўтрымліваюцца буслы з пашкоджанымі крыламі і іншымі траўмамі, якія патрабуюць догляду і аднаўлення. Некаторыя застаюцца ва ўстанове назаўсёды, іншыя адлятаюць вясной, убачыўшы сваіх суродзічаў.
Заапарк не забірае жывёл з прыроды, а спецыялісты дапамагаюць толькі пацярпелым птушкам. Напрыклад, улетку 2023 года сюды даставілі бусла, які блукаў каля возера Юбілейнага. У птушкі быў пералом крыла і раны на шыі, верагодна, пасля нападу драпежніка. Неабыякавыя жыхары забілі трывогу, і птушку забралі ў заапарк, дзе яе выхадзілі. На жаль, крыло прыйшлося ампутаваць, і птушка засталася ў Гродзенскім заапарку.
Што рабіць, калі знайшлі дзікую жывёлу
У Гродзенскім заапарку давалі парады наконт дзікіх птушак і жывёл.
У Беларусі пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах створаны камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам.
Калі вы знайшлі дзікую жывёлу ў бядзе, паведаміце пра гэта ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа МУС або ў дзяжурную службу раённага аддзела МНС.
Службы МУС ці МНС перададуць інфармацыю камісіі. Яна выедзе на месца, дзе знайшлі жывёлу. Пасля агляду яна вырашае, куды яе адправіць. Факт «забірання» дзікай жывёлы афармляецца актам — гэта падстава для яе перавозкі. За перавозку жывёлы без дакумента могуць аштрафаваць.
Таксама спецыялісты адзначаюць, што не трэба самастойна дапамагаць жывёле. Яна можа быць хворая на шаленства ці іншую заразную хваробу. Акрамя таго, параненая ці хворая жывёла адчувае стрэс.
У экстраных выпадках можна наўпрост звязацца з тэрытарыяльным органам Мінпрыроды: Гродзенская гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Тэл. 62−01−74.