ІТ-кампанія «Азаці» выкупіла будынак былога цэнтра дзіцячай творчасці «Прамень» і плануе перарабіць яго пад каворкінгі. Інфармацыя пра маючыя адбыцца грамадскія абмеркаванні з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Планавалі далучыць да паліклінікі
Будынак былога цэнтра дзіцячай творчасці «Прамень» на вуліцы Гарнавых пабудавалі ў 1945 годзе. Плошча — каля 1 500 кв. м.
У 2021 годзе будынак планавалі далучыць да Гродзенскай гарадской цэнтральнай паліклінікі, да якой і прымыкае пабудова. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі тады перасялілі ў будынак былога «Беларусбанка» на вуліцы Цітова, 7.
Былы «Прамень» некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. Спачатку па яго ўмовах будынак можна было рэканструяваць пад гасцініцу або матэль. Потым сферу выкарыстання пашырылі. Пачатковы кошт лота некалькі разоў мяняўся: яго паніжалі і павышалі. Будынак каштаваў то 1,85 млн рублёў, то каля 1,3 млн рублёў. Потым цану зноў павышалі да першапачатковай.
Каворкінгі і добраўпарадкаванне
Праект прадугледжвае рэканструкцыю будынка пад адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы з прыбудовай трох дадатковых блокаў. На першым і другім паверхах размесцяцца кабінеты і каворкінгі, а таксама дапаможныя памяшканні. Будынак аснасцяць новымі інжынернымі сеткамі.
У рамках добраўпарадкавання тэрыторыі плануюць арганізаваць тратуары і адмосткі. Тэрыторыю азеленяць і ўсталююць там малыя архітэктурныя формы — лаўкі, вазоны, скульптуры. Будынак знаходзіцца ў арэндзе на ўчастку плошчай 0,14 га. Сам участак размешчаны ў водаахоўнай зоне Нёмана і ў межах гістарычнага цэнтра Гродна.
Пры будаўніцтве пастараюцца знізіць уздзеянне на навакольнае асяроддзе: абмяжуюць шум будаўнічай тэхнікі, па магчымасці захаваюць дрэвы і кусты. Выдаленыя расліны кампенсуюць пасадкамі. Урадлівы грунт выкарыстаюць для азелянення, а лішак перададуць «Гродназеленбуду». Пасля завяршэння работ экасістэмы ўчастка хутка адновяцца, абяцаюць улады.
Паводле плана, грамадскія абмеркаванні павінны прайсці з 15 верасня да 28 лістапада. Пра іх раскажуць дадаткова.
ТАА «Азаці» заснавана ў 2018 годзе. Кампанія распрацоўвае праграмныя прадукты з выкарыстаннем тэхналогій машыннага навучання, уключаючы сістэмы апрацоўкі дакументаў, інтэлектуальныя пошукавыя сістэмы, а таксама аналіз і трансфармацыю тэкставых і неструктураваных даных. Рэзідэнт беларускага Парка высокіх тэхналогій.