Паўторнае цвіценне каштанаў — з’ява не самая рэдкая. Асеннія кветкі на дрэвах ужо некалькі гадоў заўважаюць не толькі ў Гродне, але і ў Мінску, і, напрыклад, у Лідзе.

Паўторнае цвіценне каштанаў абумоўлена анамальным надвор’ем, паведамляе «Гродна Плюс». У верасні ўсталявалася амаль летняе цяпло, і дрэвы ўспрынялі яго як «другі шанец» для цвіцення. Звычайна каштаны квітнеюць у канцы траўня — пачатку чэрвеня. Калі вясна была халодная і частка пупышак не паспела раскрыцца, яны могуць «прачнуцца» восенню.

Аднак гэтае «другое красаванне» мае і адваротны бок. Асенні цыкл аслабляе дрэвы: яны марнуюць рэсурсы, плады не паспяваюць вызрэць, а перад зімой дрэвы аказваюцца менш падрыхтаванымі да халадоў. Гэта зніжае ўраджай насення наступнай вясной і павышае рызыку захворванняў, што ў выніку скарачае працягласць жыцця каштанаў.

Не толькі надвор’е

Загадчыца кафедры батанікі БДУ, кандыдат сельскагаспадарчых навук Валянціна Паліксенава адзначала, што пераход да цвіцення ў раслін, як і ў жывёл, звязаны з гармонамі. Іх выпрацоўка рэгулюецца шматлікімі знешнімі фактарамі: працягласцю светлавога дня, тэмпературай і стрэсавымі з’явамі.

У некаторых раслін, напрыклад у дзьмухаўцоў, паўторнае красаванне закладзена генетычна. Але для дрэвавых парод гэта рэдкасць. Цікава, што дрэвы заквітаюць менавіта ў пачатку восені — калі працягласць дня становіцца супастаўная з вясновай. Аднак вырашальным фактарам, па словах спецыяліста, застаецца стрэс: замаразкі ці засуха.

«Калі ўзнікае стрэс, расліна пачынае квітнець, каб на ўсялякі выпадак стварыць насенне. Гэтая рэакцыя скіравана на выжыванне. У выніку, калі наступае больш халоднае надвор’е, плады не паспяваюць саспець, а дрэва марнуе сілы марна, — тлумачыла Паліксенава. — Зараз распускаюцца пладовыя пупышкі, якія былі закладзены на будучы сезон. Калі яны заквітнелі ўжо восенню, на іх месцы новыя пупышкі не ўтворацца», — адзначыла эксперт.

Вучоная таксама выдзеліла яшчэ адну прычыну — распаўсюджанне хвароб. У горадзе актыўна размнажаюцца лічынкі каштанавай мініруючай молі. Казуркі пашкоджваюць лісце, і яно заўчасна ападае, што дадаткова аслабляе дрэвы.