Кампенсацыйныя пасадкі ў Гродне плануе «Гроднаэнерга». План ужо пачалі рэалізоўваць: на вуліцы Паўднёвай у Гродне пасадзілі 70 саджанцаў клёнаў. За кожнае выдаленае пры рамонтных працах дрэва ў розных мікрараёнах высаджваюць 5−10 саджанцаў, у залежнасці ад плану ландшафтных спецыялістаў.

Акцыю па азеляненні работнікі прадпрыемства правялі пад кіраўніцтвам генеральнага дырэктара прадпрыемства Віктара Жука. Ініцыятыву зладзілі разам з адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна і навучэнцамі гродзенскіх школ.

«Гроднаэнерга» высаджвае дрэвы ў якасці кампенсацыі за знішчаныя пры планавых рамонтах цеплатрас. Іх даводзіцца выдаляць, калі яны аказваюцца ў ахоўнай зоне цеплавых сетак, і карані перакрываюць камунікацыі, або дрэвы перакрываюць магчымасць рамонтных працаў. Кампенсацыйныя пасадкі РУП «Гроднаэнерга» ўлічвае ўжо на этапе распрацоўкі рэканструкцыі электра- і цепласетак.

Чытайце таксама: У двары дзіцячага садка ў Гродне спілуюць пяць дрэў

У 2022 годзе ў якасці такой кампенсацыі высадзілі некалькі тысяч дрэў у розных кропках Гродзенскай вобласці. На Гродна прыйшлося больш за 500 саджанцаў кампенсацыйных пасадак замест выдаленых дрэў падчас рэканструкцыі на аб’ектах філіяла «Гродзенскіх цеплавых сетак». У 2023 годзе ў Гродне плануецца кампенсацыйная пасадка амаль 1000 дрэў.

Чытайце таксама: Каралеўскія паркі і ахоўныя пасадкі. Топ-7 незнакамітых месцаў Гродна, дзе можна шпацыраваць вясной 2023