Беларусы, незадаволеныя тым, што некаторыя аўтамабілісты перасякаюць мяжу з Польшчай без чаргі, пакінулі заяву на «Обращение.бел». У выніку на мяжы ўвялі змены. Яны датычацца льготнікаў, матацыклістаў і прадаўцоў месцаў, піша av.by.

Матацыклы і скутэры

Цяпер з зоны чакання будуць выклікаць не больш як два матацыклы за гадзіну. Таксама на беларускім баку мяжы адначасова можа знаходзіцца не больш за пяць матацыклаў або скутараў.

На кожным участку мотатранспарт павінен стаяць разам з аўтамабілямі ў чарзе да зоны чакання, перад уездам на мяжу («стомятроўка») і на самой мяжы.

Акрамя таго, вядзецца маніторынг схем з «продажам месцаў» у жывой чарзе — парушальнікаў чакаюць штрафы і падатковыя наступствы.

Пры гэтым на польскім баку для матацыклаў захоўваецца прыярытэт: яны заязджаюць на канал раней за машыны.

Льготнікі

Раней для прыярытэтнага праезду ў машыну падсаджвалі людзей з інваліднасцю. Пасля праходжання пашпартнага кантролю чалавека перасаджвалі ў аўтамабіль, які вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.

Больш гэтая схема працаваць не будзе — цяпер высаджваць людзей на мосце забаронена. У адваротным выпадку машыну разгарнуць, а вадзіцель атрымае штраф да 40 базавых велічыняў.

Таксама ў кіроўцаў транспарта з прыярытэтам правяраюць дакументы пры ўездзе ў Польшчу. А з 15 траўня адмянілі льготны праезд для воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Чытайце таксама: Прадаюць месцы, стаяць у чарзе, прывозяць тавары: 5 спосабаў заробку на «закрытых» межах