Беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы, выклікаюць на «гутаркі» ў КДБ. Запрашаюць у тым ліку і тых, хто не ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, піша Deutsche Welle.
Жыхарка Гродзенскай вобласці працяглы час жыве за мяжой. У пратэстах жанчына не ўдзельнічала. У Беларусь прыязджае часам, каб пабачыцца з роднымі ці зрабіць дакументы. Пры перасячэнні мяжы пытанняў да беларускі не ўзнікала.
Але калі жанчына прыехала дадому, яе па тэлефоне выклікалі ў мясцовую ўправу КДБ на размову і папярэдзілі, што яўка абавязковая.
Падчас гутаркі жанчыну падрабязна распыталі аб тым, чым яна займаецца за мяжой, з кім мае зносіны і ці вербавалі яе мясцовыя спецслужбы.
«Усе мае адказы запісалі. Потым супрацоўнік спытаўся, ці ведаю я, што такое здрада дзяржаве. Я адказала, што чула пра такое толькі ў савецкіх фільмах. Тады ён з ліста зачытаў, якія дзеянні могуць расцэньваць як здраду, якая за гэта пагражае адказнасць. І я павінна была падпісаць дакумент, што мне ўсё гэта растлумачылі», — распавяла беларуска.
Па словах жанчыны, размова была «дастаткова сухая і фармальная».
На такія ж «гутаркі» выклікаюць і ў КДБ Мінска. Асаблівую ўвагу надаюць людзям, якія прыязджаюць у Беларусь не часцей за некалькі разоў на год. Падчас размоваў нагадваюць пра адказнасць за здраду радзіме.
Па словах юрыста, беларусы абавязаныя з’яўляцца на такія «гутаркі», нават калі іх выклікалі па тэлефоне ці паведамленнем у мэсэнджэры. У адваротным выпадку могуць завесці адміністратыўную справу па арт. 23.4 КаАП («непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). За гэта можна атрымаць штраф ад 2 да 50 базавых велічыняў (84−2100 руб.) або адміністрацыйны арышт.
Чытайце таксама: Гродзенец вярнуўся з-за мяжы праз «камісію па вяртанні» — крымінальную справу не закрылі