Агракамбінату «Скідзельскі» не хапае 580 работнікаў. Адкрыта 187 вакансій. Шукаюць і заатэхнікаў, і начальніка аддзела кадраў, і птушкаводаў, і вартаўнікоў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, каго не хапае сельскагаспадарчаму гіганту.

Агракамбінат «Скідзельскі» — самае буйное аграпрамысловае аб’яднанне Беларусі. У яго склад уваходзяць галаўное прадпрыемства ў Скідзелі і філіялы ў розных раёнах вобласці. Гэта птушкафабрыкі, агракомплексы і перапрацоўчыя вытворчасці.

Два падраздзяленні размешчаны ў Гродзенскім раёне, астатнія працуюць у рэгіёне. Сярод іх — «Слонімская птушкафабрыка» (далучана ў 2019 годзе), «Мастоўскі кумпячок», агракомплекс «Шылавічы», «Дубна», «Жалудоцкі агракомплекс» і «Князева».

У акцыянерным таварыстве, мяркуючы па інфармацыі на сайце прадпрыемства, працуе каля 5 тысяч чалавек — як у вытворчасці, так і ў кіраванні. А работнікаў агракамбінату патрабуецца амаль 600.

Мяркуючы па ўсім, дэфіцыт кадраў у аграхолдынгy — праблема не новая. Яшчэ ў 2019 годзе дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» пісала, што, напрыклад, на Скідзельскай птушкафабрыцы (якая ўваходзіць у агракомплекс) працуе каля 1700 чалавек.

«На прадпрыемстве не хапае ўласных кадраў. Рабочых на карпаратыўных аўтобусах прывозяць на змену з Гродна, Шчучынскага, Ваўкавыскага, Мастоўскага раёнаў», — пісала дзяржаўнае выданне.

Ад птушкаводаў да начальніка аддзела кадраў. Найбуйнейшаму агракамбінату Беларусі востра не хапае работнікаў
«Скідзельская птушкафабрыка». Фота: grodnonews.by

Каго шукаюць? Трэба шмат птушкаводаў

На «Птушкафабрыцы Слонімскай», дзе працуе каля 130 чалавек, не хапае 35 работнікаў.

Больш за ўсё патрэбны птушкаводы. Іх трэба 20 чалавек. Абяцаюць плаціць ад 1400 да 2200 рублёў. Праца ў адну змену. Участак знаходзіцца ў вёсцы Разаноўшчына Слонімскага раёна. Птушкаводаў не хапае і на ўчастку ў Ваўкавыску. Ёсць шэсць вакантных месцаў. Заробак — 1500−1600 рублёў.

Сюды ж патрабуюцца два майстры ўчастка з зарплатай 1360−1500 рублёў, галоўны тэхнолаг з заробкам 1600−1800 рублёў, апальшчык, два электрамеханікі, тры вадзіцелі грузавікоў, якім абяцаюць зарплату 1500−2000 рублёў, тры ахоўнікі з зарплатай 800−1000 рублёў, інжынер-механік, ветэрынарны санітар з заробкам ад 950 да 1100 рублёў і іншыя.

Грузчыкі і разборшчыкі субпрадуктаў у Фарны канец

У «Жалудоцкім агракомплексе» шукаюць работнікаў для перапрацоўкі: дэзынфектараў, забойшчыкаў жывёлы (заробак 1700−1800 рублёў), вытворцаў натуральнай каўбаснай абалонкі і грузчыкаў. Патрэбны таксама разборшчыкі субпрадуктаў, мыйшчыкі, грузчыкі і спецыялісты па рэгістрацыі. Участак знаходзіцца ў вёсцы Фарны канец Шчучынскага раёна.

У Мастах прапануюць дадатковыя «плюшкі»

А вось у філіяле «Мастоўскі кумпячок» акрамя зарплаты прапануюць і сацыяльныя бонусы: дастаўка на працу, харчаванне на 100 рублёў у месяц. Там адкрыты вакансіі электраманцёра, повара, будаўніка, трактарыстаў, аператараў фермы, а таксама спецыялістаў — інжынера-энергетыка, галоўнага ветэрынара і заатэхніка.

У Ваўкавыскім раёне агракамбінат шукае, напрыклад, двух паляводаў. Зарплата — 726 рублёў.

Таксама патрэбны супрацоўнікі і ў галаўное прадпрыемства, якое знаходзіцца ў Скідзелі. Так, напрыклад, патрэбен нават начальнік аддзела кадраў. З патрабаванняў: вышэйшая адукацыя і досвед працы не менш за тры гады. Зарплату абяцаюць да 2700 рублёў.