У Гродне пройдзе мерапрыемства Strong Coffee Events. Яно аб’яднае латэ-арт-батл і кап-тэстынг. Калі спаборніцтвы па латэ-арту праходзяць у горадзе ўжо некалькі гадоў, то па кап-тэстынгу правядуць упершыню.

«Мы пашыраемся. А дакладней, наш ужо штогадовы латэ-арт батл вырас у нешта большае. Цяпер — гэта Strong Coffee Events», — напісалі арганізатары ў Instagram.

Спаборніцтвы адбудуцца 13−14 верасня на тэрасе кафэ «Крэпкі белы» на Замкавай. Арганізатары чакаюць па 20 удзельнікаў у кожным са спаборніцтваў. Запіс для ўдзельнікаў ужо адкрыты. Арганізацыйны збор з кожнага ўдзельніка 50 рублёў. З гэтых грошай будзе сфарміраваны прызавы фонд, які дастанецца пераможцам спаборніцтваў.

Чэмпіянат па латэ-арту — гэта спаборніцтва для барыста, дзе ўдзельнікі дэманструюць сваё майстэрства ў стварэнні ўзораў на малочнай пенцы кавы.

Спаборніцтвы па кап-тэстынгу — гэта спаборніцтва, у якім удзельнікі павінны як мага дакладней вызначыць, які з кубкаў кавы адрозніваецца па смаку ад астатніх. Спаборніцтва ўключае некалькі тураў з узрастаючай складанасцю, а перамагае той удзельнік, які хутчэй і дакладней за ўсіх вызначае адрозны кубак кавы.

Партнёрамі мерапрыемства будуць абсмажчыкі Single Step і фірма аксесуараў для кавы «MHW_3BOMBER». Пераможца атрымае падарункі ад партнёраў.